У перыяд з 28 лютага па 6 сакавіка ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступілі 44 паведамленні і заявы пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Узбуджаны чатыры крымінальныя справы. Складзена 137 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Тыран пад арыштам
У адносінах да раней не судзімага 31-гадовага міярчаніна без афіцыйнага месца працы 28 лютага ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 154 КК "Катаванне". Ахвярай зламысніка стала яго былая жонка. Глыбокай ноччу знаходзіўся ў яе доме ў стане алкагольнага ап'янення. Катаваў, біў, пагражаў забіць. Справа за пагрозу забойствам узбуджана раней. Хатні тыран арыштаваны і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС.
На волю—на справу
Дзве крымінальныя справы па артыкуле 205 КК "Крадзеж" узбуджаны 4 сакавіка ў адносінах да 40-гадовай жыхаркі раёна, якая нядаўна вярнулася з месцаў пазбаўлення волі. З двара дома і лазні ў вёсцы Осцевічы ўкрала алюмініевы кацёл, два вядры, сякеру, ліхтар, ручнікі, а з падвала—банкі з варэннем і іншымі нарыхтоўкамі. Прычынены ўрон ацэнены ў 82 рублі. Завітала ў двор жыхара Дзісны і забрала з гаспадарчай пабудовы тры кавалкі свінога кумпяка агульнай вагой 9 кілаграмаў і насценны гадзіннік. Сума ўрону—53 рублі. Зламысніца затрымана і знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання РАУС. Большая частка ўкрадзенага канфіскавана.
Злодзеі на дачы
5 сакавіка ў раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся міярчанін. З двара яго дачнага дома ў вёсцы Свярдлы ўкралі бетонамяшалку. Прычынены ўрон у 300 рублёў. З месца здарэння ўзяты гіпсавы злепак са слядамі транспартнага сродку. Узбуджана крымінальная справа. Асоба зламысніка ўстанаўліваецца.
У бітоне брага
Штраф у адну базавую велічыню вымушана заплаціць пенсіянерка з Камянполля за захаванне самагоннай брагі. Бітон з 25-цю літрамі брагі ў яе доме на кухні знайшоў участковы інспектар міліцыі. Хімічны склад рэчыва пацвердзіла экспертыза. Матэрыял разгледжаны судом.
***
Усяго ў лютым раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана 15 крымінальных спраў. З іх 12 па лініі крымінальнага вышуку: 3 крадзяжы, 4—незаконнае захоўванне зброі, па 1—пагроза забойствам, катаванне, хуліганства, дарожна-транспартнае здарэнне, уцягненне непаўналетняга ва ўчыненне злачынства. Тры крымінальныя справы— па эканамічных злачынствах.
Дзмітрый ХОМІЧ,
начальнік штаба раённага
аддзела ўнутраных спраў.
Аляксандр ФУРС,
начальнік раённага
аддзела Следчага камітэта.