Случилось на Миорщине в сентябре

Случилось на Миорщине в сентябреНа тэрыторыі раёна ў верасні зарэгістравана 22 злачынствы. У тым ліку 12 па лініі крымінальнага вышуку, раскрыта 8. Найбольш частыя крадзяжы, іх учынена 10, раскрыта 6. Узбуджана 8 крымінальных спраў па накірунку барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. 
 
У іх ліку 4 службовыя падробкі, учыненыя службовымі асобамі сельгаспрадпрыемстваў раёна, якія наўмысна ўносілі ў афіцыйныя дакументы звесткі пра нібы рэалізаваную насельніцтву жывёлу. 4 справы ўзбуджаны ў адносінах да службовых асоб Міёрскага райспажыўтаварыства, якія абвінавачваюцца ў незаконным прысваенні таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. Пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях складзена 712.

Спакушальны веласіпед
У ноч з 3 на 4 верасня ў вёсцы Цімошкава Туркоўскага сельсавета скрадзены веласіпед. Увечары гаспадыня пакінула двухколавы транспарт начаваць ля дома, а з раніцы і след прастыў. На яе шчасце, супрацоўнікі крымінальнага вышуку ўстанавілі злодзея. Веласіпед сагнаў мясцовы жыхар, які нідзе не працуе.
Падобны выпадак меў месца напрыканцы жніўня ў аграгарадку Язна. Пакінутага без нагляду і замка "сталёвага каня" сагналі ад па'езда дома. Асоба зламысніка не ўстаноўлена.

Не ўвартаваў
Акумулятарныя батарэі ўкрадзены з сельскагаспадарчай тэхнікі СУП "Цітова". Неўстаноўленая асоба ў ноч з 13 на 14 верасня пранікла на тэрыторыю мехмайстэрні гаспадаркі і ўчыніла крадзеж. Трэба заўважыць, маёмасць ахоўвалася вартаўніком.

З віном міма касы
Увечары 14 верасня спрацавала кнопка трывожнай сігналізацыі ў магазіне "Родны кут" па вуліцы Кірава ў райцэнтры. Каля 20.00 у гандлёвую кропку зайшоў чарговы пакупнік. Мужчына ўзяў з паліцы дзве бутэлькі віна і смела пакрочыў да выхаду, не звяртаючы ўвагі на воклічы прадаўцоў. Група затрымання Міёрскага АДА аператыўна прыбыла на месца здарэння і на працягу гадзіны па ўказаных прадаўцом прыкметах затрымала зламысніка. Ім аказаўся раней судзімы жыхар вёскі Снегі. Выпіць віно не паспеў, скрадзенае ў яго канфіскавалі.

Памылкі не вучаць
За кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане міярчанін быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Яшчэ не мінуў год з дня ўчынення правапарушэння, як зноў сеў за руль "пад градусам". 20 верасня ў 16.10 супрацоўнікі аддзялення ДАІ спынілі яго на ўласным аўтамабілі "Аўдзі" на вуліцы Камуністычнай. Узбуджана крымінальная справа.

Чорны прадпрымальнік
Незаконную нарыхтоўку чорнага металу ажыццяўляў на тэрыторыі раёна жыхар Полацка. 27 верасня супрацоўнікі групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і аддзялення ДАІ РАУС выявілі парушальніка ў вёсцы Горкі Мікалаёўскага сельсавета. З мэтай атрымаць даход ён скупліваў у насельніцтва металалом, не маючы на тое адпаведнага дазволу. На момант затрымання сабраў 140 кілаграм. Складзены адміністрацыйны пратакол па артыкуле 12.7 "Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць".

Дзмітрый ХОМІЧ,
 начальнік штаба РАУС.


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.