Бутылка за семью была милее

Бутылка за семью была милееЗ цяжкасцю можна назваць гэтых двух мужчын прадстаўнікамі моцнай паловы чалавецтва. Сельскія жыхары Дзмітрый і Пётр (імёны зменены) працяглы час знаходзіліся ў добраахвотным палоне "зялёнага змея", забыўшыся на сям'ю, дзяцей і клопаты па гаспадарцы. Згубная звычка прывяла ў залу суда. На выязным пасяджэнні ў Чапуках разглядалі справы аб абмежаванні іх у дзеяздольнасці.
 
Дзмітрыю 23, жонка на два гады маладзей. Хутка год іх першынцу. Разам з маладой сям'ёй пражывае маці жонкі. Бацькі Дзмітрыя ў другім канцы раёна. Калісьці яго маці таксама абмяжоўвалі ў дзеяздольнасці. Горкі прыклад не стаў урокам.
Працуе мужчына ў гаспадарцы па месцы жыхарства. Невялікі заробак нярэдка траціў не на патрэбы сям'і, а на выпіўку. За знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Гэтым наносіў чарговы ўдар па сямейным бюджэце. Дома дапамогі ад яго мала бачылі.

Не дзіўна, што жонка згодна, каб у Дзмітрыя не было права самастойна распараджацца грашыма. Сама яна алкаголь не ўжывае. Даглядае дзіця, для якога ў доме створаны належныя ўмовы, займаецца хатнімі справамі. Расказала, што ў пачатку месяца муж закадзіраваўся на год. Пасля гэтага сітуацыя ў сям'і змянілася да лепшага.

Дзмітрый сцвярджаў, што цяпер да спіртнога не цягне. Прызнае свае грубыя памылкі. На пытанне, чым растлумачыць тыя паводзіны і іх непрыемныя наступствы, паціскае плячыма. Дарэчы, яшчэ два штрафы трэба выплаціць.

Суд абмежаваў Дзмітрыя ў дзеяздольнасці. Такое ж рашэнне прынята і ў адносінах да 32-гадовага Пятра. Разам з жонкай ён працуе ў мясцовай гаспадарцы. У сям'і двое непаўналетніх 2006 і 2000 гадоў нараджэння. 
Сёлета ў сакавіку з-за злоўжывання алкаголем Пётр трапіў на ўлік да нарколага. Згубная звычка "падчысціла" без таго не вельмі тоўсты кашалёк. Часам набіраў спіртнога ў доўг на суму да 300 000 рублёў. Плюс штрафы за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. Выносілася афіцыйнае папярэджанне пра магчымае накіраванне ў ЛПП. 

Па словах жонкі, апошнім часам у паводзінах Пятра назіраюцца змены. Перастаў злоўжываць спіртным, дапамагае дома, у сям'і сціхлі сваркі. Падзейнічала кадзіроўка. 
Як заўважыла педагог сацыяльны сельскай школы, з сям'ёй Пятра працуюць трэці год. Акрамя схільнасці гаспадара да спіртнога, прычыны сацыяльна небяспечнага становішча—пастаянная антысанітарыя ў доме і недастатковы клопат пра дзяцей. Наконт чысціні заўвагі, вядома, да жанчыны. Можа быць, у самой не заўсёды ёсць час і сілы навесці парадак, але ж можна прывучыць да гэтага дочак. Заўважана, што малодшая нярэдка прыходзіць на ўрокі неакуратная, раней у яе выяўлялі педыкулёз. Таксама ў дзяўчынкі праблемы са здароўем, вырашэннем якіх больш зацікаўлена школа, чым бацькі. Словам, работы з сям'ёй яшчэ хапае.

Фота для ілюстрацыі.
Наталля ГРЫГОР'ЕВА, старшыня суда 
Міёрскага раёна.


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.