Оружие ревности — кулак ... и нож

Оружие ревности — кулак ... и ножКалі заканчваецца працоўны дзень, мы спяшаемся дадому, дзе чакае сям'я. Гатуем вячэру, за якой потым абмяркоўваем апошнія навіны і плануем, як разам правядзём выхадныя. На жаль, гармонія і згода пануюць не ў кожным доме, а сям'я замест ціхай гавані становіцца бурным морам сварак і крыўд.

Зброя рэўнасці—кулак… 
У сям'і 38-гадовага Антона (імя зменена) не было традыцыі піць па вечарах чай і чытаць перад сном казкі двум маленькім дзецям. Не таму, што ў сельскай мясцовасці на гэта не застаецца часу з-за мноства спраў па гаспадарцы. Калі за вокнамі цямнела, у хаце разам са святлом "запальваліся" сваркі, падчас якіх нецвярозы муж наносіў жонцы пабоі.

Як расказваў на судзе, у большасці выпадкаў канфлікты ўзнікалі з-за яго рэўнасці да жонкі. На целе і твары жанчыны заставаліся сінякі ад удараў, аднак у міліцыю і за медыцынскай дапамогай не звярталася. 

Нумар 102 набрала, калі падчас чарговай сваркі муж ударыў кулаком у твар. У той восеньскі дзень ён планаваў капаць бульбу, а жонка паехала ў горад. Вечарам вярнулася, і, як гаворыцца, сваё атрымала. Мужчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, але на адносіны ў сям'і гэта не значна паўплывала. 

Ужо праз некалькі месяцаў на твары жонкі з'явіўся кровападцёк ад удару кулаком, а адразу на наступны дзень—выцята-рваная рана на губе. На гэты раз сварыліся з-за таго, што гаспадыня не купіла солі. Жанчына разам з дзецьмі пайшла начаваць да бацькоў, што пражываюць у той жа вёсцы.

На момант судовага пасяджэння Антон перастаў злоўжываць спіртным і памірыўся з жонкай. Віну сваю поўнасцю прызнаў і ў зробленым раскаяўся. 
Суд пакараў 1 годам пазбаўлення волі без штрафу з адтэрміноўкай на год. Таксама за мужчынам будзе ажыццяўляцца прафілактычнае назіранне. 

… і нож
Першую судзімасць у біяграфію 27-гадовага Паўла (гэтае і наступнае імёны зменены) таксама ўпісала рэўнасць. Ён нават не памятае, як разагрэты алкаголем і негатыўным пачуццём, ударыў нажом, так бы мовіць, сябра сям'і. Аднак учыненае не адмаўляе і віну сваю поўнасцю прызнае.

Маладая сям'я з маленькім дзіцём здымала кватэру ў райцэнтры. У той дзень Павел збіраў рэчы для пераезду на іншае месца жыхарства. На дапамогу прыехаў знаёмы жонкі—Алег. На працягу дня ў перапынках паміж зборамі маладыя мужчыны ўжывалі спіртное. Бліжэй да вечара паміж імі ўзнікла сварка. Павел для самаабароны ўзяў нож і пайшоў у пакой, жонка з Алегам засталася на кухні. Праз некаторы час яна паклікала Паўла. Той палічыў, што магчыма будзе бойка, таму і паклаў нож унутр рукава.

Зайшоў на кухню, убачыў, што жонка размаўляе з Алегам—і тут накрыла хваля рэўнасці. Нічога не кажучы, Павел падышоў да "саперніка" і ўдарыў яго нажом. Калі эмоцыі адпусцілі, стаў дапамагаць пацярпеламу. 

Згодна з судова-медыцынскай экспертызай, пацярпеламу нанесена колата-рэзаная рана левай бакавой паверхні грудной клеткі, пранікальная ў грудную і брушную поласці з пашкоджаннем дыяфрагмы, селязёнкі і верхняга полюса левай ныркі. Пашкоджанне адносіцца да катэгорыі цяжкіх цялесных.

Прабачэння Павел папрасіў, ва ўчынку сваім раскайваецца. Алег дараваў.
Прыгавор суда—тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Фота для ілюстрацыі.

Святлана РАМАНОЎСКАЯ, 
намеснік пракурора.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.