Граница между другом и врагом
gazeta 4-12-2014, 14:56 0 ЗдарэнніАнекдот: "Кажуць, што сабака — сябар чалавека. Спадзяюся, што гэты вялізны ратвейлер без намордніка бяжыць даведацца, як у мяне справы".
Праўда, смешна? Пакуль не задумаешся, што падобныя сітуацыі маюць месца ў рэальнасці. На шчасце, па вуліцах райцэнтра ратвейлеры свабодна не бегаюць. Аднак хапае звычайных "двортэр'ераў" і сабак паляўнічых парод, якім гаспадары, хто на некалькі гадзін, а хто на пастаяннай аснове, прадастаўляюць магчымасць жыць самастойна. Пушыстыя Шарыкі і гладкашэрсныя Рэксы бегаюць зграямі ці трымаюцца паасобку. Маленькія дзеці пры сустрэчы з імі палохаюцца, дарослыя смела праганяюць. Зрэдку хтосьці паглядзіць у поўныя суму сабачыя вочы і купіць піражок з мясам для чацвёраногага жыхара вуліцы. А дзе ж гаспадары гэтых невысокіх рудых, калматых белых і вялікіх шэрых сабак?
— Па-сапраўднаму бадзяжных сабак у горадзе прыкладна 10%, — расказвае начальнік участка добраўпарадкавання УП ЖКГ Святлана Уладзіміраўна Баравік. — У астатніх гаспадары ёсць, але ўсё роўна іх "браты меншыя" аказваюцца на вуліцы. Адны спускаюць сабак пагуляць, у іншых яны губляюцца. Як правіла, хваля сабачых вандровак узнімаецца з пачаткам паляўнічага сезона. Паляўнічыя бяруць сабак у лес, а тыя часам дадому вяртаюцца не адразу.
Магчыма, што і коз у аднаго з жыхароў Міёр нядаўна падушылі менавіта паляўнічыя сабакі, што атрымалі поўную свабоду дзеянняў. Наўрад ці на такое маглі адважыцца дружалюбныя і палахлівыя дварнягі.
— Раніцай, як звычайна, навязаў коз на вуліцы, — расказвае мужчына. — Пасля абеду нам сказалі, што іх падушылі сабакі. Чые гэта былі сабакі, не ведаю.
Нанесены ўрон ацэньваецца ў некалькі мільёнаў беларускіх рублёў, толькі вось кампенсаваць яго няма каму: гаспадары чацвёраногіх драпежнікаў не выяўлены.
Таму і не мае належнага эфекту на практыцы артыкул 15.47 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, дзе за неналежнае ўтрыманне хатніх гадаванцаў прапаноўваецца папярэджанне ці штраф ад адной да пятнаццаці базавых велічынь, а калі "браты меншыя" нанеслі шкоду здароўю лю-дзей і іх маёмасці, памер пакарання ў рамках ад дзесяці да трыццаці базавых ці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.
Большасцю ігнаруецца рэгістрацыя чацвёраногіх сяброў, прадугледжаная "Правіламі ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь".
— Цяпер у Міёрах зарэгістравана 75 катоў і 143 сабакі, — гаворыць Святлана Уладзіміраўна. — У горадзе працэдуру праводзіць УП ЖКГ, у сельскай мясцовасці гэта ўваходзіць у абавязкі мясцовых выканкамаў. Кожнага гадаванца заносяць у спецыяльную кнігу, гаспадару выдаецца жэтон. Дарэчы, у сабакі, на ашыйніку якога замацаваны жэтон з рэгістрацыйным нумарам, шанцы хутчэй вярнуцца дадому значна павялічваюцца. Кожны тыдзень у горадзе праводзяцца рэйды па кантролі за бадзяжнымі сабакамі. Спецыялізаванай брыгады ў нас няма, гэта задача даецца ў нагрузку ўчастку добраўпарадкавання. Дапамагаюць паляўнічыя і ўчастковыя інспектары РАУС. Паведамляць пра наяўнасць хатніх гадаванцаў трэба не толькі для таго, каб потым плаціць за іх падатак. Каты і сабакі з'яляюцца пераносчыкамі шаленства, таму трэба быць у курсе іх колькасці.
Па інфармацыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, за 10 месяцаў года ад хатніх сабак пацярпелі 20 чалавек, ад бадзяжных — 8, каты прынеслі непрыемнасці 9-ці. Выпадак шаленства зарэгістраваны адзін: ахвярамі хатняга ката сталі два чалавекі. 29 пацярпелым прызначаны прышчэпкі, 5 шпіталізаваны.
Што да падатку на чацвёраногіх сяброў, то на катоў ён не распаўсюджваецца, а ўладаль-нікам сабак штомесяц трэба адлічваць з уласнага бюджэту пэўную суму. Згодна з артыкулам 270 Падатковага кодэкса, за гадаванца з вышынёй у карку да 40 см даводзіцца плаціць не больш за 0,5 базавай велічыні, ад 40 да 70 см — не больш за адну, калі вышыня больш за 70 см або парода сабакі адносіцца да небяспечных — не больш за 1,5 базавай.
Трэба заўважыць, што гэта правіла дзейнічае для чацвёраногіх жыхароў кватэр. У прыватным сектары адзін сабака падаткам не абкладаецца. Платным будзе ўтрыманне другога і наступных гадаванцаў.
Выгульваць сабак па правілах трэба на павадку і ў намордніку. З гэтым яшчэ можна паспрачацца. Калі жывёла адрозніваецца спакойным характарам і паслухмянасцю, то ў вышэйназваных сродках бяспекі наўрад ці ёсць патрэба. А вось наяўнасць побач з ёй гаспадара — не абмяркоўваецца. Як і тое, што пасля прагулкі сабаку трэба прывязаць на ланцуг ці забраць у кватэру.
Пакуль чалавек не ўсвядоміць, што мена-віта ён стаіць на варце той мяжы, пераступіўшы якую, сабака з сябра чалавека ператвараецца ў ворага, праблема вольных ці непатрэбных "братоў нашых меншых" будзе заставацца нявырашанай.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.