Летась у вобласці зарэгістравана 470 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 135 чалавек загінула і 451 паранены. Удзельнікамі 181 ДТЗ аказаліся пешаходы. Па іх віне адбылося 91 здарэнне. Загінула 36 чалавек, паранена больш за 60.
Раніцай у Віцебску вадзіцель легкавога аўтамабіля наехаў на пешахода. Пенсіянер, які пераходзіў дарогу не па пешаходным пераходзе, атрымаў цялесныя пашкоджанні і быў дастаўлены ў бальніцу.
У Полацкім раёне жанчына раптоўна выйшла на праезную частку дарогі і трапіла пад колы "Фольксвагена". Атрыманыя траўмы аказаліся несумяшчальнымі з жыццём.
З мэтай зберагчы жыцці і здароўе ўдзельнікаў дарожнага руху ДАІ праводзіць прафілактычныя рэйды, скіраваныя на выяўленне на праезнай частцы нецвярозых пешаходаў і прыцягненне да адказнасці парушальнікаў дарожнай бяспекі.
У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных парушэннях, супрацоўнік ДАІ мае права прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці пешахода, які парушае правілы дарожнага руху, у тым ліку, калі ён не мае святлоадбівальнага элемента. Максімальны штраф за гэта — тры базавыя велічыні. Калі пешаход учыніў парушэнне ў стане алкагольнага ап'янення, штраф узрастае ад трох да пяці базавых велічынь.
Паважаныя ўдзельнікі руху, будзьце ўважлівымі і асцярожнымі на дарозе! Памятайце, што ў цёмны час сутак і непагадзь вадзіцелям складаней кантраляваць дарожную абстаноўку.