Сколько жизней вода "забрала"?

Летась на Віцебшчыне ўтапіліся 128 чалавек, з іх 66 гарадскіх жыхароў і 62 вясковыя (у папярэднім годзе на 13 ахвяр было больш). Вада "забрала" жыццё  99 мужчын, 23 жанчын і 6 дзяцей (пяці хлопчыкаў і адной дзяўчынкі). Большасць загінуўшых былі ў працаздольным узросце (97 чалавек).

 

Абарвалася жыццё 42 грамадзян падчас купання, 45 — пры падзенні ў ваду, 24—пры рыбнай лоўлі (9 — з лодак і іншых плавальных сродкаў, 7 — з берага, 8 — пры падлёднай рыбалцы), 1 — пры гульні на лёдзе, 8 — пры прыняцці ванны, 4 — па іншых прычынах і 3 — пры нявыяўленых абставінах.

Самымі  "гіблымі" месцамі аказаліся рэкі (утапілася 36 чалавек), азёры (33), сажалкі і стаўкі (29). А ўвогуле бяда падсцерагала людзей і на вадасховішчах, у канавах, кар'ерах, ямах, ручаях, лужынах, піццявых і каналізацыйных калодзежах, басейнах і ваннах. Галоўная прычына гібелі людзей — алкагольнае ап'яненне: нецвярозымі былі 76 чалавек.

 

На Міёршчыне летась утапіліся 8 чалавек, а ў 2011-ым — 18, і наш раён у той год "першынстваваў" у вобласці па трагедыях на вадзе. Прынятыя меры па ўзмацненні кантролю за паводзінамі людзей на вадаёмах і растлумачальная работа сярод насельніцтва па правілах бяспекі паспрыялі змяншэнню колькасці няшчасных выпадкаў. Але сітуацыя на Міёршчыне і цяпер складаная. Больш тапельцаў толькі ў Першамайскім раёне Віцебска, у Наваполацку і Оршы.  Прывяду некалькі іншых прыкладаў: у Дубровенскім, Ліёзненскім і Расонскім раёнах ахвяр вады па 1, у Талачынскім, Бешанковіцкім, Гарадоцкім—па 2, у Верхнядзвінскім — 3, Шаркаўшчынскім — 4. Ніводзін месяц мінулага года не прайшоў на Віцебшчыне без трагедый на вадзе, а сама больш іх было летам: у чэрвені — 13, ліпені — 31, жніўні — 24. На Міёршчыне адлік тапельцаў пачаўся ў сакавіку і завяршыўся ў чэрвені: у маі былі 3 смерці ад вады, а ў астатнія месяцы — па адной.

 

За апошніх 5 гадоў утапіліся 822 жыхары вобласці, у тым ліку ў Міёрскім раёне — 51, столькі ж — у Пастаўскім, 52 — у Оршы, 64 — у Першамайскім раёне Віцебска. У іншых раёнах ахвяр менш. Несумненна, жыхары нашых населеных пунктаў павінны задумацца над такой сумнай статыстыкай.

 

А. РУБАНІК,

начальнік Міёрскай

выратавальнай станцыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.