На краденом авто далеко не уедешь
gazeta 26-10-2012, 11:02 1 600 Здарэнні
Раніцай міярчанін выйшаў з дома і не ўбачыў на двары свой аўтамабіль ВАЗ-21063, які яшчэ ўчора познім вечарам быў на месцы. Адразу напісаў заяву ў РАУС, але пра тое, хто мог выкрасці машыну, не было ніякіх меркаванняў. Разам з “Жыгулямі” прапалі бензапіла, электрычны дрыль, шліфавальная машынка і будаўнічы узровень, што знаходзіліся ў багажніку.
Праз некалькі дзён ля АЗС у Міёрах супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль ВАЗ-21063. За рулём быў дваццацігадовы хлопец Я., побач сядзеў яго сябар А. Папрасілі дакументы, малады чалавек адказаў, што забыўся іх дома. Пасля праверкі па базе аказалася, што вадзіцель зусім не з’яўляецца сапраўдным гаспадаром машыны. Згоншчыкаў даставілі ў РАУС для далейшага разбіральніцтва.
А пачыналася ўсё так. У маладых людзей з Докшыцкага раёна былі сяброўкі ў адной з вёсак непадалёку ад Міёр, да якіх яны прыязджалі ў госці на ўласным аўтамабілі. Калі ў чарговы раз хлопцы завіталі да дзяўчат, машына зламалася, і дабірацца дадому яны вырашылі на спадарожным транспарце. Каля трох ночы прыехалі ў Міёры. Праходзячы па вуліцы, у адным з двароў заўважылі аўтамабіль і вырашылі паехаць на ім дадому. Прычым, такая ідэя прыйшла ў цвярозыя галовы. Дзверцы “Жыгулей” былі не замкнёнымі, руль — таксама. Згоншчыкі адкацілі машыну метраў за 200 ад дома і “правялі рэвізію”. Пад дыванком ля вадзіцельскага сядзення знайшлі ключы ад замка запальвання і дзверцаў. Словам, фартуна была на іх баку і хутка маладыя людзі хавалі машыну ў лесе непадалёку ад сваёй вёскі. Перш чым пайсці дадому, заглянулі яшчэ ў багажнік, які таксама не быў замкнёны. Знойдзены там бонус на наступны дзень забраў сабе А. і паспеў прадаць бензапілу аднавяскоўцу. Падазрэнняў у таго не ўзнікла, бо ён ведаў, што ў бацькі А. было дзве бензапілы. Але ў хуткім часе за пакупкай прыехалі супрацоўнікі міліцыі.
Увогуле пра ўчыненае злачынства ніхто з родных і знаёмых не ведаў. Дзяўчатам хлопцы сказалі, што дабраліся дадому на спадарожным транспарце. Машына стаяла ў лесе, пакуль згоншчыкі зноў не сабраліся ў госці. Памянялі нумары, заправілі бак і паехалі. Толькі спатканне іх чакала не з дзяўчатамі, а з супрацоўнікамі міліцыі.
Сваю віну абодва прызналі поўнасцю. Кожнаму прызначана пакаранне ў адпаведнасці з ч. 2 арт. 205 УК РБ — год выпраўленчых работ па месцы работы з 20% утрыманнем заробку ў даход дзяржавы, прычым не менш за 1 базавую велічыню штомесяц.
С. РАМАНОЎСКАЯ,
намеснік пракурора.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.