Згодна з Палажэннем аб парадку ўстанаўлення ахоўных зон аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы, памерах і рэжыме іх выкарыстання, зацверджаным Пастановай Саўміна № 1474 ад 6.11.2007, у межах ахоўнай зоны газаправода забаронена: узводзіць будынкі і збудаванні; высаджваць дрэвы і хмызнякі за паўтара метра па абодва бакі ад восі; ладзіць стаянкі і прыпынкі аўтатранспарта, трактараў і механізмаў; весці меліярацыйныя, будаўнічыя, мантажныя і выбуховыя работы, планіроўку грунта; бурыць свідравіны і шурфы; рабіць звалкі; разводзіць вогнішчы і выпальваць сухую расліннасць, а таксама іржышча і пажніўныя рэшткі на палях; праводзіць масавыя мерапрыемствы.
Пры работах павінны захоўвацца асноўныя мерапрыемствы па ахове газаправодаў, згодна з «Правіламі аховы сістэм газазабеспячэння». На права іх праводзіць паблізу сістэм газазабеспячэння неабходна атрымаць пісьмовы дазвол у Міёрскім РГЗ. За суткі да пачатку работ адказная арганізацыя павінна выклікаць прадстаўніка газавай гаспадаркі і выявіць з ім дакладнае размяшчэнне газаправодаў.
Штосьці рабіць у гэтай зоне дазволена толькі ў прысутнасці вытворцы работ і прадстаўніка арганізацыі газавай гаспадаркі. Распрацоўваць грунт на адлегласці менш за два метры ад газаправода неабходна ўручную рыдлёўкай. Выкарыстоўваць ударны інструмент і адбойныя малаткі дапускаецца толькі для ўскрывання дарожнага пакрыцця. Адкрытыя газаправоды павінны быць надзейна замацаваныя ад правісання. Засыпаць іх пасля работ можна толькі ў прысутнасці прадстаўніка газавай гаспадаркі.
Пры пашкоджанні газаправода варта адразу спыніць усе работы, вывесці людзей з катлавану ці траншэі, узяць месца пад ахову. Важна не дапускаць туды старонніх асоб, адкрытага агню. Тэрмінова паведаміць у аварыйную газавую службу на нумар 104.
Па пытаннях вытворчасці работ паблізу падземных газаправодаў і групавых рэзервуарных установак звяртайцеся ў РГЗ па адрасе г. Міёры, вул. Кірава, 3а або на нумары 4 22 74, 4 21 43, 4 21 34.
Канстанцін МАТЭЛЕНАК, начальнік Міёрскага РГЗ. Фота для ілюстраціі.