У пачатку тыдня на міёрскім возеры таўшчыня лёду складала каля 22 см
gazeta 24-03-2023, 14:47 644 Здарэнні
Зімой выходзіць на лёд дазволена, калі яго таўшчыня дасягае сямі сантыметраў. У пачатку тыдня на міёрскім возеры яна складала каля 22 см. Аднак цяпер гэта зусім не гарантыя бяспекі. Пад кроплямі дажджу і сонечнымі промнямі лёд становіцца крохкім і пакрысе ператвараецца ў снежна-ледзяную кашу. Пра рызыку выхаду на ненадзейны лёд нагадалі рыбаловам-аматарам начальнік выратавальнай станцыі Алег РУБАНІК і інспектар РАНС Вольга ГІРЖДА.
Пузыркі – прыкмета разбурэння
Ясна і сонечна, на тэрмометры плюс сем, час блізіцца да апоўдня. На міёрскім возеры, схіліўшыся над лункамі, на адлегласці ў некалькі метраў адзін ад аднаго сядзяць чацвёра рыбакоў.
– Сёння яшчэ на лёд можна? – пытаюся ў начальніка выратавальнай станцыі.
– Згодна з распараджэннем райвыканкама, у зімова-вясенні перыяд выходзіць на лёд забаронена ў перыяд яго інтэнсіўнага таяння і разбурэння, – заўважае Алег Рубанік і паказвае на мноства невялікіх пузыркоў пад ільдом. – Гэта прыкмета таго, што лёд пачынае разбурацца. Утвараюцца адаптыўныя канальцы, праз якія вада з-пад нізу будзе прабівацца на паверхню. Такім чынам лёд ператворыцца ў дуршлаг. І яго таўшчыня зусім не мае значэння.
«Час уцякаць з возера»
Мэта нашага рэйду – нагадаць рыбаловам, што зімовы сезон самы час завяршаць. У інспектара РАНС Вольгі Гіржда з сабой тэматычныя буклеты. Прафілактычныя гутаркі – адзіны спосаб уздзеяння на аматараў рыбалкі, чыё знаходжанне сонечным сакавіцкім днём на вадаёме, берагі якога ў асобных месцах даўно ўскрыліся, тоіць патэнцыяльную небяспеку. Адміністрацыйнай адказнасці за выхад на лёд у неспрыяльны перыяд не прадугледжана. Можа быць, пра гэта не ведае адзін з рыбакоў, што адразу зматаў вуды, убачыўшы групу людзей у аранжавых выратавальных камізэльках, якая накіроўвалася ў яго бок. Астатнія сустрэлі нас спакойна і прыязна.
– Пакуль яшчэ не страшна, а калі дождж дасць – усё. Тут самае трывалае месца, – заўважае рыбак, што размясціўся дзясяткі за два метраў ад брэндавага знака «Міёры» на паўвостраве. – Учора краснапёрка добра клявала, сёння не вельмі.
– Чаму выратавальную камі- зэльку не апранаеце? – пытаецца Алег Рубанік.
– А куды ж яе апрануць?! – з усмешкай заўважае суразмоўнік, паказваючы на свой шчыльны і цёплы рыбалоўны касцюм, і жартам дадае: – Лепш ужо пенапласт да сябе прывязаць.
– У справе аховы жыцця ўсе сродкі падыдуць, – парыруе вадалаз-выратавальнік.
– Заўтра ўжо не пайду. Час уцякаць з возера, – падводзіць вынік рыбалоў.
Наступны наш суразмоўнік – гараджанін-пенсіянер – адзначыў, што ходзіць на возера не столькі дзеля ўлову, колькі для душэўнага адпачынку. Свежае паветра, цішыня і спакой, маляўнічыя гарадскія пейзажы. Гэта куды цікавей, чым на канапе час бавіць.
– Дзякуй, у мяне такі ўжо ёсць, – заўважае трэці рыбалоў інспектару РАНС, што прапаноўвае буклет з простымі правіламі бяспекі, і хуценька цягне з лункі лёску – плотачка клюнула.
Выратавальнікам усюды не паспець
Крочым назад. Размовы з рыбаловамі занялі каля дваццаці хвілін, і за гэты час яшчэ больш падтаяў паверхневы слой снежна-ледзянога покрыва, што заўважна па глыбіні слядоў, якія застаюцца за намі.
– Апошнія тыдні рабілі замеры таўшчыні лёду на вадаёмах, на некаторых яна дасягала 28 сантыметраў. Аднак з іх на трывалы лёд прыпадае пяць – сем сантыметраў. Астатнія слаі – мокры снег, які замацаваў мароз. Пры плюсавой тэмпературы гэтыя крышталікі хутка рассыпаюцца, – расказвае Алег Рубанік. – У зоне нашай адказнасці 96 вадаёмаў. Цяпер у цэнтры ўвагі тыя, што знаходзяцца паблізу і ў населеных пунктах, асабліва там, дзе ёсць навучальныя ўстановы. Зразумела, паўсюль і адразу выратавальнікі паспець не могуць. Таму ў першую чаргу жыхары горада і раёна самі абавязаны клапаціцца пра ўласную бяспеку на вадаёмах.
Ступіўшы на сушу, заўважаем чацвёртага рыбака, які вярнуўся на сваё месца.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота для аўтара.