Прычына пажараў

Парушэнні правілаў мантажу, устаноўкі і эксплуатацыі электрасетак і абсталявання нярэдка прыводзяць не толькі да вялікіх матэрыяльных страт, але і трагедый. За 9 месяцаў сёлета ў краіне па гэтай прычыне адбылося 1037 пажараў, загінула 40 чалавек (5,2% ад агульнай колькасці). І ў нашым раёне такіх здарэнняў шмат: пятая частка ад усіх пажараў узнікла з-за няспраўнасці ці няправільнай эксплуатацыі электраправодак і электраабсталявання.

 

Абследаванні, праводзімыя энергаінспекцыяй, сведчаць, што асобныя домаўладальнікі не захоўваюць устаноўленыя нормы і патрабаванні, грэбуюць правіламі бяспекі, што ў выніку можа прывесці да бяды: 376 парушэнняў выяўлены ў 160 бытавых спажыўцоў электраэнергіі. Найбольш праблем у сельскіх жыхароў пенсійнага ўзросту.  Многія з іх жывуць адзінока, у старых дамах, дзе электраабсталяванне, неабходнае для “разводу” электраэнергіі па пакоях, устаноўлена шмат дзесяцігоддзяў назад і патрабуе замены. Аднак прадпісанні энергаінспектараў яны ігнаруюць, і не мяняюць электраправодку, ізаляцыя якой у многіх месцах патрэскалася. Кажуць, няма грошаў, каб купіць новую. Не спяшаюцца дапамагчы састарэлым і іх дзеці, якія жывуць асобна  і не хвалююцца пра бацькоў, у доме якіх можа ўзнікнуць пажар.

 

Нагадаю, што тэрмін бяспечнай эксплуатацыі кабеляў у нармальным асяроддзі складае 25 гадоў, а фактычна яны эксплуатуюцца нярэдка па 40. Таму і адбываюцца пажары. Раённая энергаінспекцыя заклікае насельніцтва звярнуць увагу на стан электраправодак у дамах і падсобных пабудовах, каб прадухіліць няшчасныя выпадкі, зберагчы маёмасць ад загаранняў.

 

У. ТОМКА, начальнік

раённай энергаінспекцыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.