Ваши карты стали наши: в Миорской прокуратуре рассказали о кражах с банковских карт

 Банкаўскай картцы месца ў кашальку карыстальніка. Сваю місію як сродак зручнага разліку яна выканае і ў чужых руках. Аднак у такім выпадку стане крыніцай непрыемнасцей. Як для гаспадара, так і для аматара лёгкіх грошай. Вось некалькі прыкладаў, якія прывялі ў раённай пракуратуры.

 

Два гады няволі за 2 850 рублёў

Двое маладых людзей скіраваліся да банкамата. На клавіятуры адзін з іх заўважыў пакінутую картку. Дадзеныя ўладальніка на ёй не ўказаны. Паспрабаваў даведацца праз мабільны дадатак: вызначыў толькі імя і імя па бацьку. Сябар прапанаваў праверыць, ці ёсць на картцы грошы. Праз бескантактны разлік без праблем купілі цыгарэты ў кіёску. Паспяшаліся па пакупкі ў магазін.

 
Сем дзён чужая картка знаходзілася ў руках Вадзіма (імя зменена). 19-гадовы юнак разлічваўся ёй у гандлёвых аб’ектах Дзісны, Полацка і Наваполацка. Ведаў, што сума аднаразовай пакупкі не павінна перавышаць 80 рублёў, інакш трэба ўводзіць пін-код. Кожны раз ішоў на «авось», думаючы, хопіць сродкаў ці не. У выніку на алкаголь, цыгарэты, прадукты харчавання, спартыўны касцюм, рукзак, красоўкі, штаны, дзве музычныя калонкі патраціў чужыя 2 850 рублёў. Калі сродкі скончыліся, картку вырашыў пакінуць у сябе: раптам будзе налічэнне.

 
А што сапраўдны ўладальнік? Карткай пенсіянерка карысталася рэдка: збірала суму на дарагую пакупку. Паслуга смс-апавяшчэння пра расход сродкаў не была падключана. На паведамленні з банка наконт магчымага крадзяжу не звярнула належнай увагі. Прапажу заўважыла амаль праз тыдзень. Праверыла баланс – на рахунку 3 рублі 40 капеек. Адразу звярнулася ў міліцыю. Зламысніка затрымалі.

 
– Вадзім пражывае з маці і непаўналетняй сястрой. Не працуе. Раней судзімы, у тым ліку і за крадзеж, – дае кароткую характарыстыку намеснік пракурора раёна Святлана Раманоўская. – Суд прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні злачынства па артыкуле 212 «Крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі» і прызначыў два гады пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Цяпер малады чалавек адбывае пакаранне.

 

Зняў больш, чым пазычыў

25-гадовы Сцяпан (імя зменена) распіваў спіртное са знаёмым. Яны пражывалі ў адным інтэрнаце і абодва былі нераўнадушныя да алкагольных напояў. Падчас такога сумеснага баўлення часу Сцяпан папрасіў пазычыць яму 100 рублёў. На іх збіраўся купіць ложак для дзіцяці сваёй сужыцельніцы. Наяўных у сябра не было, прапанаваў зняць грошы з карткі, назваў пін-код.

 
Зняўшы 100 рублёў, Сцяпан запрасіў яшчэ 210. Таварышу пра гэта не сказаў. Прапажу той заўважыў наступнай раніцай.
– Сцяпан ужо меў судзімасці за крадзяжы. У канцы 2019 года выйшаў на волю па амністыі і праз паўгода зноў учыніў злачынства, – заўважае намеснік пракурора. – Віну прызнаў. Пакараны абмежаваннем волі на год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

 

Пакупкі за чужы кошт

Муж і жонка падышлі да банкамата аплаціць паслугі мабільнага аператара. Жанчына заўважыла ў прыёмніку чужую картку. Прозвішча ўладальніка было знаёмым мужчыне: такое ж у яго калегі. Дазваніцца да яе не змог, бо нумар мабільнага дакладна не ведаў. Картку Аляксей (імя зменена) вырашыў узяць з сабой і пасля напісаць пост пра знаходку ў сацыяльнай сетцы.

 
Па дарозе дадому зазірнулі ў магазін за прадуктамі. Кошт пакупак склаў 30 рублёў 70 капеек. Разлічыўся Аляксей знойдзенай карткай. Жонка гэтага не заўважыла, і візіт міліцыянераў, якія наведаліся ў той жа вечар, стаў для яе непрыемнай нечаканасцю.
– Аляксею 39 гадоў, працуе на адным з прадпрыемстваў райцэнтра, у сям’і выхоўваецца малалетняе дзіця. Раней не судзімы, – расказвае пра зламысніка Святлана Раманоўская. – Віну сваю не адмаўляў, урон уладальніку карткі кампенсаваў. Пакараны штрафам у сорак базавых велічынь.

 

Знайшоў «спонсара»

Дзяніс (імя зменена) завітаў да сваёй знаёмай. У тумбачцы заўважыў яе банкаўскую картку. Узяў сабе. У банкамаце зняў 315 рублёў. З дапамогай чужых грошай задаволіў уласныя патрэбы: заказаў газавы балон, аплаціў камунальныя паслугі і крэдыт, купіў прадукты.
– Пражывае Дзяніс разам з бацькам. Раней быў асуджаны за ўхіленне ад выплаты аліментаў, – працягвае намеснік пракурора. – Віну прызнаў. Суд вызначыў пакаранне ў якасці арышту на два месяцы.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.