Авторизация
 

Абганяючы машыны, не размінулася з бядой. Вынесены прысуд па справе аб ДТЗ у Старых Круках

 Абвінавачванне па трох крымінальных справах па фактах парушэння правіл дарожнага руху падтрымалі ў мінулым годзе ў судзе работнікі пракуратуры раёна. Здавалася б, лічба невялікая. Аднак за кожным дарожным здарэннем – чалавечы лёс. Часам аварыя змяняе яго кардынальна.

Мінулагоднюю аварыю ля вёскі Старыя Крукі, у якой пацярпела моладзь з Наваполацка, і цяпер прыгадваюць, калі заходзіць размова
пра дарожна-транспартныя здарэнні.

Сёлета ў студзені кіроўцу, па чыёй віне здарылася ДТЗ, вынеслі прыгавор. Пададзеная ў абласны суд апеляцыйная скарга засталася без задавальнення. Меру пакарання пакінулі ранейшай – пазбаўленне волі на адзін год і тры месяцы з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення з пазбаўленнем права кіраваць аўтатранспартам на пяць гадоў. У сакавіку прыгавор набыў моц.

Дзень 27 ліпеня 2019 года падзяліў жыццё пяцярых маладых людзей на «да» і «пасля». Ехалі на фестываль «Віва, Браслаў» за пазітывам і яркімі ўражаннямі, апынуліся на бальнічных ложках з цяжкімі фізічнымі і псіхалагічнымі траўмамі.
«Праявіла злачыннае нядбальства і саманадзейнасць да кіравання транспартным сродкам», – значыцца ў матэрыялах пракуратуры па справе трагічнага ДТЗ.


– Кіравала аўтамабілем 26-гадовая жыхарка Наваполацка. Транспарт належаў яе знаёмаму, які быў побач на пасажырскім сядзенні. Як пасля расказвала ў судзе, менавіта па яго просьбе села за руль «Пежо 406». Ззаду – яшчэ тры пасажыры, – нагадвае перадгісторыю здарэння намеснік пракурора раёна Святлана Раманоўская, якая падтрымлівала абвінавачванне. – Вопыт кіравання машынай з механічнай каробкай перадач у маладой жанчыны быў невялікі. За дзень да паездкі яна сама гаварыла пра гэта сябрам, з якімі збіралася на фестываль у Браслаў. Такі факт паведаміла суду сястра дзяўчыны, якая найбольш пацярпела ў той аварыі.


Стрэлкі гадзінніка набліжаліся да васьмі вечара. «Пежо 406» пад’язджаў да Старых Крукоў. Па гэтай дарозе кіроўца ехала ўпершыню. Знакі на шляху папярэджвалі пра абмежаванне хуткасці да 70 км/г, пра небяспечны паварот, пра населены пункт, пра зніжэнне хуткасці да 40 км/г, пра забарону абгону, пра закругленне дарогі. Заўважыўшы перад сабой два аўтамабілі, што рухаліся, згодна правіл, з абмежаванай хуткасцю, кіроўца пайшла на абгон. Як пасля ўстановіць следства, спідометр паказваў не менш за 115 км/г.


Усё адбылося за лічаныя хвіліны. Аўтамабіль чапляе левую абочыну, аказваецца на праезнай частцы, потым на правай абочыне, з’язджае ў кювет, перакульваецца. На дапамогу маладым людзям паспяшаліся з тых машын, якія спрабавала абагнаць неспрактыкаваная кіроўца. Адразу выклікалі хуткую дапамогу і дарожную міліцыю. Вадзіцеля і пасажыраў «Пежо 406» з цяжкімі траўмамі даставілі ў Міёрскую ЦРБ. Найбольш пацярпела дзяўчына, што сядзела на заднім сядзенні пасярэдзіне.


– Пералік яе цялесных пашкоджанняў займае палову ліста А4. У матэрыялах справы быў фотаздымак дзяўчыны. Маладая, прыгожая. На судзе ўбачыла яе зусім іншай. Нібы другі чалавек. На момант пасяджэння яна перанесла дзевяць аперацый. Яе маці гаварыла, што кожная раніца ў дачкі пачынаецца са слёз, – расказвае намеснік пракурора. – Адзін з пацярпелых не мог прысутнічаць на судзе, бо знаходзіўся на лячэнні. Разглядалася пытанне аб прысваенні яму групы інваліднасці.


Кіроўца таксама атрымала траўмы. Але не такія цяжкія ў параўнанні з пашкоджаннямі сваіх пасажыраў, за чыё жыццё несла адказнасць. Яна цалкам прызнала сваю віну. Папрасіла прабачэння ў сяброў, якія ўжо не змогуць жыць як раней. У межах сваіх магчымасцей кампенсавала ім расходы на лячэнне.


Цяпер вінаватая адбывае пакаранне, а яе сябры з цяжкасцю прывыкаюць да сваёй новай рэчаіснасці. Усяго гэтага магло не быць, калі б не залішнія спешка і саманадзейнасць. На жаль, жыццё не кінастужка і назад не адматаеш.

Фота для ілюстрацыі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 8 мая 2021
Василий, Марк, Сергей

Именины 7 мая 2021
Алексей, Валентин, Иннокентий, Иосиф, Леонтий, Николай, Сергей, Елизавета

Госці краін

free counters
Партнеры сайта