Што матывуе вадзіцеля скіравацца ў дарогу п’яным? Пытанне рытарычнае, і самі аўтааматары не могуць на яго адказаць. Наступствы такіх «смелых» учынкаў несуцяшальныя.
Адміністрацыйная адказнасць за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане вымяраецца штрафам ад 15 да 35 базавых велічынь, на тры гады кіроўцу пазбаўляюць права садзіцца за руль. Паўторнае на працягу года правапарушэнне становіцца злачынствам і караецца Крымінальным кодэксам.
– У мінулым годзе ўзбуджаны чатыры крымінальныя справы па артыкуле 3171 «Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап’янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмова ад праходжання праверкі (агляду)» Крымінальнага кодэкса, – расказвае намеснік пракурора раёна Святлана Раманоўская. – У 2018-м такіх спраў было дзве.
Герой адной з крымінальных гісторый – 30-гадовы жыхар Наваполацка. У жніўні 2018-га за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Праз год зноў трапіў у поле зроку супрацоўнікаў ДАІ. На гэты раз нецвярозага кіроўцу спынілі на трасе Полацк – Міёры – Браслаў. Так Андрэй (гэтае і наступныя імёны зменены) атрымаў першую судзімасць.
– Сваю віну кіроўца прызнаў цалкам і раскаяўся ва ўчыненым. На судзе расказваў, што спіртное ўжываў уначы, а днём сеў за руль аўтамабіля і скіраваўся ў дарогу, – знаёміць з падрабязнасцямі справы Святлана Алегаўна. – Па месцы жыхарства малады мужчына характарызуецца здавальняюча. Змякчыў абставіны той факт, што ў Андрэя ёсць малалетняе дзіця, хоць шлюб не зарэгістраваны.
Суд пакараў маладога мужчыну абмежаваннем волі на паўтара года без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яшчэ на пяць гадоў падоўжыўся тэрмін забароны садзіцца за руль. Таксама Андрэй абавязаны выплаціць штраф у 150 базавых велічынь. Аўтамабіль канфіскавалі.
Наступная справа – яркі прыклад таго, што нецвярозаму кіроўцу не варта спадзявацца на «авось». Першую судзімасць за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане пяцідзесяцігадовы жыхар Міёрскага сельсавета Ягор атрымаў восенню 2016-га. Пакаралі арыштам і штрафам у 150 базавых, на пяць гадоў пазбавілі права садзіцца за руль. У пачатку студзеня 2019-га вадзіцеля пад градусам зноў спыніла дарожная міліцыя.
– Гэтая недарэчная гісторыя дорага каштавала парушальніку, – заўважае Святлана Раманоўская і расказвае, як кіроўца зноў апынуўся ў зале суда: – Ягор патлумачыў, што ў той дзень ужываў дома спіртное. Затым выклікаў таксі і паехаў у райцэнтр дапамагчы знаёмай справіцца з хатнімі клопатамі. Тая нядаўна зламала руку і не магла ўсё рабіць сама. Жанчына была ў суседа, дала Ягору ключы, але дадому разам з ім не пайшла. Памочнік заўважыў у хаце ключы ад легкавіка, які ўжо месяц стаяў у яго ў двары. Вырашыў пры выпадку вярнуць аўтамабіль гаспадыні і прыхапіў ключы з сабой. Знаёмай пра гэта нічога не сказаў. Вяртаючыся дадому, сустрэў сябра, паклікаў у госці. Зусім не на кубачак кавы. Калі спіртное скончылася, вырашылі з’ездзіць за дабаўкай. Машына ў двары, ключы – у кішэні. Чаму б і не? Пра тое, што Ягор яшчэ не адбыў пакаранне за мінулую правіннасць, наўрад ці хто падумаў. Або паспа- дзяваліся, што пранясе.
Да магазіна сябры не даехалі. Па дарозе сустрэліся з інспектарамі ДАІ.
Ягора пакаралі трыма месяцамі арышту, штрафам у 200 базавых велічынь і яшчэ на пяць гадоў наклалі табу на кіраванне транспартнымі сродкамі.
У ТЭМУ
Яшчэ больш высокую цану плацяць п’яныя кіроўцы, па чыёй віне здараюцца аварыі з пацярпелымі.
Нядаўна суд Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці вынес прыгавор 56-гадоваму мужчыну, што ўчыніў наезд на пажылога веласіпедыста. Пацярпелы атрымаў цяжкія цялесныя траўмы. Вінаватага прыгаварылі да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення. Пяць гадоў ён не мае права садзіцца за руль і павінен выплаціць пацярпеламу 7 500 беларускіх рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.
Фота для ілюстрацыі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.