Авторизация
 

Нежаданыя госці на дачах Міёршчыны

 Штогод у дачны сезон праваахоўнікі Віцебскай вобласці праводзяць акцыю «Захаванасць маёмасці на дачы – агульная задача». Сёлета прафілактычнае мерапрыемства пачалося 1 сакавіка і прадоўжыцца да 1 кастрычніка.

– На тэрыторыі раёна зарэгістравана садаводчае таварыства «Вяснянка». Падчас акцыі сустракаемся з яго актывам, гаспадарамі дачных дамоў. Нагадваем берагчы ўласную маёмасць, прапаноўваем карыстацца паслугамі аховы. Арганізоўваем начныя рэйды. Прафілактычную работу з дачнікамі ў сельсаветах вядуць участковыя інспектары міліцыі, – расказвае пра акцыю на практыцы старшы інспектар аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Міёрскага РАУС Сяргей Стома. – Асноўныя мэты мерапрыемства – знізіць колькасць крадзяжоў з дачных домаўладанняў, далучыць грамадзян да аховы парадку, выявіць схільных да крадзяжоў асоб. Пра апошніх просім паведамляць у міліцыю.


ЯК заўважае інспектар, у цёплы сезон крадзяжоў менее. Гаспадары на дачы. Зламыснікі не рызыкуюць наведвацца. Іх час наступае, калі на дзверы дачнага дома вешаюць замок. З мінулай восені да сёлетняй вясны ў раёне ўчынілі чатыры дачныя крадзяжы. Два раскрыты.


– На тэрыторыі «Вяснянкі» злачынстваў не дапушчана. Злодзеі забіраліся ў дачныя дамы ў вёсках. Разбівалі ваконнае шкло ці ламалі замкі. Кралі прадукты харчавання, адзенне, рыбалоўныя снасці, бытавую тэхніку, – расказвае Сяргей Іванавіч. – Такія злачынствы складана раскрыць. Многія гаспадары з восені да вясны на дачы не бываюць. Таму дакладна не высветліць, калі ўчынены крадзеж.


ХТО ён, дачны злодзей? Мясцовы жыхар ці прыезджы, легкадумны юнак ці чалавек ва ўзросце. Паквапіцца на чужое дабро могуць як свае, так і «гастралёры». У прыклад Сяргей Стома ўспамінае сяльчаніна з дзісенскага рэгіёна, што наведваўся ў ваколічныя дачы. Нядаўна прагуляўся па дамах жыхароў Міёршчыны браслаўчанін. Вяртаўся дадому з Полацка пешшу, а па дарозе заходзіў «у госці». На дачы ў Мікалаёўскім сельсавеце не знайшоў чым пажывіцца, у Міёрскім пашанцавала больш – украў прадукты.


Агульнае ў дачных злодзеяў – наяўнасць судзімасцей за крадзяжы і адсутнасць работы. Шукаюць лёгкага хлеба. Для некаторых гэта лад жыцця. Між тым бываюць у дамах без гаспадароў і «сумленныя госці». Інспектар прыгадвае выпадкі, калі змораныя алкаголем парушальнікі забіраліся на дачу пераначаваць. Пакідалі месца начлегу з пустымі рукамі.


У любым выпадку непрыемна вяртацца ў свой дачны дом і бачыць, што хтосьці тут пагаспадарыў. Ці можна папярэдзіць непрыемнасці?


– Калі завяршаецца сезон, па максімуме забярыце маёмасць. Не пакідайце каштоўныя рэчы. Гэта парада і для дачнікаў з Расіі і Прыбалтыкі, і для тых, каму на дачу блізка, – заўважае Сяргей Іванавіч. – Надзейны сродак ад няпрошаных гасцей – сігналізацыя. За паслугай можна звярнуцца ў Міёрскае аддзяленне Дэпартамента аховы. У райцэнтры на трывожны сігнал выязджаюць міліцыянеры з аховы, на тэрыторыі раёна – супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў.

Папярэдзіць пра беражлівыя адносіны да маёмасці – задача праваахоўнікаў. Паклапаціцца пра ўласны дабрабыт – справа гаспадароў.

Фота для ілюстрацыі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта