Дотык да аголеных правадоў смяротна небяспечны, а высокае напружанне паражае нават на адлегласці. Не рызыкуйце сваім жыццём.
Няшчасны выпадак адбыўся ў Мінскай вобласці. Двое маладых людзей прыехалі ў суседняе сяло. Машыну і мабільныя тэлефоны пакінулі прыкладна за паўкіламетра ад высакавольтавай лініі электраперадачы. 22-гадовы хлопец падняўся па падкосе вуглавой апоры да правадоў напругай 10 тысяч вольт, і яго ўдарыла токам. Сябар выклікаў хуткую дапамогу, медыкі толькі канстатавалі смерць. Цяпер следчыя высвятляюць, што маладыя людзі рабілі ля паветранай лініі.
На летніх канікулах у дзяцей шмат вольнага часу. Экстрым, цікаўнасць, неасцярожнасць і неразуменне небяспекі могуць прывесці да бяды. Пацверджанне таму – няшчасны выпадак у Петрыкаўскім раёне. Сэлфі за незачыненымі дзвярыма трансфарматарнай падстанцыі ледзь не каштавала жыцця падлетку.
У сувязі з гэтым нагадаем асноўныя правілы электрабяспекі. Забаронена ўзнімацца на дахі дамоў і пабудоў, дзе паблізу праходзяць электрычныя правады, гуляць пад паветранымі лініямі і побач з трансфарматарнымі падстанцыямі, разбіваць лямпы вулічнага асвятлення і ізалятары на апорах, накідваць на правады дрот ці іншыя прадметы.
Нельга датыкацца да правіслых ці ляжачых на зямлі правадоў. Калі знайшлі іх, арганізуйце ахову месца пашкоджання, папярэдзьце акружаючых і адразу паведаміце пра небяспеку ў энергаслужбу бліжэйшага прадпрыемства або дыспетчару энергасетак.
Вялікую небяспеку ўяўляе пранікненне ў размеркавальныя ўстройствы, трансфарматарныя падстанцыі, сілавыя шчыты і зборкі. Як правіла, на іх размешчаны папераджальныя знакі ці плакаты пра небяспеку паражэння электрычным токам.
Важна памятаць, што бытавыя электрапрыборы прызначаны толькі для выкарыстання ў памяшканнях з неправодзячай ток падлогай. Уключэнне магнітафонаў, свяцільняў на адкрытым паветры можа выклікаць электратраўму, бо зямля – праваднік току.
Ні ў якім выпадку не пакідайце дзяцей без нагляду побач з электраўстаноўкамі. Калі хтосьці аказаўся пад напругай, тэрмінова вызваліце яго ад уздзеяння электратоку. Адключыце сетку ці ўстаноўку рубільнікам, выключальнікам, выцягніце вілку з разеткі, выкруціце пробкі. Пасля гэтага пакладзіце пацярпелага на спіну, забяспечце прыток свежага паветра, дайце панюхаць нашатырны спірт. Тэрмінова выклікайце хуткую дапамогу.
Фота для ілюстрацыі.
Уладзімір ТОМКА,
начальнік раённай
энергаінспекцыі.