З 1 па 15 студзеня ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла 87 паведамленняў і заяў пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Узбуджана шэсць крымінальных спраў. Складзена 347 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Грошы замест гасцінца
Жыхар Мікалаёўскага сельсавета напярэдадні Новага года зайшоў да аднасяльчаніна. Пасля яго візіту прапалі 200 рублёў. У адносінах да нячыстага на руку вяскоўца ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 205 “Крадзеж”.
Трагедыя ў Новы год
У рэанімацыйнае аддзяленне Міёрскай ЦРБ 1 студзеня даставілі жыхара Перабродскага сельсавета з колата-рэзанымі ранамі. На наступны дзень мужчына памёр. Устаноўлена, што ўдары нажом падчас сваркі яму нанесла сужыцельніца 1979 года нараджэння, якая знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення. У адносінах да яе 2 студзеня ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 139 “Забойства”.
У суд за аліменты
Жыхар Завуццеўскага сельсавета 1968 года нараджэння з мая мінулага года ўхіляецца ад выплаты аліментаў на свайго непаўналетняга сына. За гэта адкажа перад судом. 8 студзеня ў адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа.
Паляванне па-за законам
У лясным масіве ля вёскі Сцяфанава Міёрскага сельсавета 12 студзеня незаконна здабылі адну асобіну казулі еўрапейскай. Прычынены ўрон ацэнены ў 3 000 рублёў. Па факце незаконнага палявання ўзбуджана крымінальная справа. Асоба зламысніка ўстаноўлена, урон кампенсаваны.
Дзмітрый ХОМІЧ, начальнік штаба
раённага аддзела ўнутраных спраў.
Аляксандр ФУРС, начальнік раённага
аддзела Следчага камітэта.