Хозяев из Подъельцев ежегодно подтапливает. Малый и замерзший диаметр трубы тому виною...

 Рэзкае пацяпленне ў пачатку тыдня дадало непрыемнасцей жыхарам Пад'ельцаў Івану і Таццяне Аляксеевым. Выйшлі з дому раніцай 14 сакавіка — навокал вада. Трыццаць метраў да дарогі без гумовых ботаў не дойдзеш.

— Такіх сур'ёзных падтапленняў, як сёлета, даўно не здаралася. Увесь двор у вадзе, гаспадарчыя пабудовы, падвал і калодзеж затапіла, — гаворыць у тэлефонную трубку Таццяна Мікалаеўна. — Калі зімы вельмі снежныя, то падтаплівае і суседзяў. Але больш нам дастаецца, бо дом у нізіне. Разумеем, што гэта перш-наперш наш клопат. Раней самі адкачвалі ваду. На гэты раз самастойна не справімся.


Праз некалькі хвілін мы таксама назіралі за "венецыяй у мініяцюры". Гаспадарам не пазайздросціш. Побач з іх домам труба пад дарогай, але вада не цячэ.


У тую раніцу Аляксеевы тэлефанавалі не толькі ў рэдакцыю. Звярталіся ў сельсавет, у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Супрацоўнікі РАНС ад нечаканага палону выратавалі. Прабілі замерзлую трубу, вада пайшла.


Таццяна Мікалаеўна расказала, што гэтая труба невялікая ў дыяметры і нават у "рабочым" стане са значнымі аб'ёмамі вады справіцца не можа. Гаспадары звярталіся да мясцовых улад з просьбай замяніць трубу на больш шырокую. Пакуль сітуацыя без змен.


За каментарыямі рэдакцыя звярнулася да намесніка старшыні райвыканкама Леаніда Лясовіча:
— Прычына падтаплення не ў дыяметры трубы, а ў тым, што яна замерзла. Гэтая праблема вырашана, вада адступіла з двара. Каб паставіць трубу больш шырокага дыяметра, патрэбны значныя матэрыяльныя ўкладанні. Пакуль што замяніць яе не прадстаўляецца магчымым.
У другой палове дня двор Аляксеевых выглядаў па-іншаму. Вада сыходзіла. Гаспадарам застаецца спраўляцца з наступствамі падтаплення.


Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.