З 3 па 9 кастрычніка ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла 67 паведамленняў і заяў пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Узбуджана пяць крымінальных спраў. Складзены 124 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Спазніўся з перарэгістрацыяй зброі
Адміністрацыйную адказнасць панёс уладальнік паляўнічай гладкаствольнай зброі з Мікалаёўскага сельсавета за пратэрмінаваную перарэгістрацыю. Згодна з артыкулам 23.49, парушэнне караецца штрафам ад 4 да 15 базавых велічынь. Прызначылі мінімальны — 92 рублі.
Крадзеж на будоўлі
79 упаковак цеплаізаляцыйных пліт з мінеральнай ваты ўкралі з будаўнічай пляцоўкі цэнтральнай раённай бальніцы. Урон ацэнены ў 1866 рублёў. Тэрыторыя ахоўвалася вартаўніком. Гэта не перашкодзіла зламыснікам пранікнуць уначы на будоўлю і ўчыніць злачынства. Крымінальная справа ўзбуджана 5 кастрычніка.
Хто паехаў на веласіпедзе
Міярчанка пакінула свой веласіпед "Стэлс" ля магазіна "Цэнтральны" па вуліцы Кастрычніцкай і адправілася за пакупкамі. Вярнулася — веласіпеда няма. Паведаміла ў міліцыю. Па факце крадзяжу 5 кастрычніка ўзбуджана крымінальная справа. Асоба зламысніка ўстанаўліваецца.
Абмежаванні не вытрымаў
За згон аўтамабіля 20-гадовага міярчаніна асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У ліку патрабаванняў—зусім не ўжываць спіртное, быць дома познім вечарам і ўначы. Тройчы праваахоўнікі не заставалі маладога чалавека ў вызначаны час па месцы жыхарства. Два разы затрымлівалі ў стане алкагольнага ап'янення. 6 кастрычніка ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 415 КК "Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі". Парушальніку пагражае да трох год зняволення.
Зноў п'яны на вуліцы
Міярчаніна ў стане алкагольнага ап'янення затрымалі 6 кастрычніка ля магазіна па вуліцы Свярдлова. Парушальнік не першы раз трапляе пад увагу праваахоўнікаў. Таму за прагулку пад градусам адкажа ў судзе.
Пакатаўся
23-гадовы жыхар Перабродскага сельсавета праехаўся на машыне свайго калегі і атрымаў два крымінальныя артыкулы. Па-першае, аўтамабіль узяў без згоды гаспадара. Вечарам выпівалі ў яго дома ў Міёрах. Калі той заснуў, малады чалавек забраў ключы, завёў машыну і паехаў. На адной з вуліц райцэнтра нецвярозага вадзіцеля спынілі супрацоўнікі ДАІ. Аказалася, сёлета ў красавіку яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за "п'яную паездку". Крымінальныя справы па фактах згону аўтамабіля і кіравання ў стане алкагольнага ап'янення ўзбуджаны 9 кастрычніка. Аўтамабіль вярнулі ўладальніку.
Дзмітрый ХОМІЧ, начальнік штаба
раённага аддзела ўнутраных спраў.
Аляксандр ФУРС, начальнік
раённага аддзела Следчага камітэта.