Как идут криминальные дела на Миорщине

 З 22 да 28 жніўня ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла 59 паведамленняў і заяў пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Узбуджаны тры крымінальныя справы. Складзены 164 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Ліпавы прадпрымальнік
Жыхар Полацка закупліваў металалом у вёсцы Мікалаёва. Ён не быў зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік і не меў ліцэнзіі. Справа накіравана ў эканамічны суд Віцебскай вобласці.


Пабілі за доўг
22 жніўня ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 384 "Прымус да выканання абавязацельстваў". Жыхарка Завуццеўскага сельсавета паведаміла ў міліцыю, што пабілі яе сына. Да іх у дом прыйшлі двое мясцовых жыхароў. Патрабавалі грошы. Хацелі атрымаць кампенсацыю за зламаны трымер, якім карыстаўся даўжнік. У выніку зламалі яму нос, прычынілі іншыя цялесныя пашкоджанні. Злачынства караецца пазбаўленнем волі ад трох да дзесяці год.


Вярнуўся за курткай, забраў магнітолу
27-гадовы жыхар Узмёнскага сельсавета ўкраў магнітолу з флэшкай з трактара. Зламыснік працаваў у ААТ "Гвардзейскі", у жніўні звольніўся. Познім вечарам прыйшоў у майстэрню гаспадаркі забраць сваю куртку. Выйшаў разам з вартаўніком. Пасля вярнуўся ў гараж, дзе стаяў трактар, і ўчыніў крадзеж. 23 жніўня ўзбуджана крымінальная справа.


Хто паплыў на лодцы
Урон у пяць тысяч рублёў нанеслі сталічнаму жыхару. З берага возера ля яго дачы ў вёсцы Маляўкі Перабродскага сельсавета ўкралі лодку з падвясным маторам. Пацярпелы звярнуўся ў міліцыію 25 жніўня. У той жа дзень узбудзілі крымінальную справу. Асобы зламыснікаў устанаўліваюцца.


За сабаку адкажа гаспадар
Пратакол за парушэнне правіл утрымання хатніх жывёл складзены на міярчаніна. Свайго сабаку ён утрымліваў без прывязі. Гадаванец забег у адзін з двароў і загрыз гуся. Урон ацанілі ў 10 рублёў. Пакаранне гаспадару сабакі вынесе суд.


У суд за гарэлку
Нецвярозы міярчанін 28 жніўня зайшоў у магазін "Родны кут" ля рынка. Узяў з паліцы бутэльку гарэлкі коштам 6 рублёў 69 капеек. Разлічвацца за тавар не збіраўся. Але застацца незаўважаным не ўдалося. Адміністрацыйны матэрыял аб дробным крадзяжы разгледзіць суд.

Дзмітрый ХОМІЧ, начальнік штаба раённага аддзела ўнутраных спраў.
Аляксандр ФУРС, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта.

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.