В Миорский РОВД поступили 54 сообщения и заявления

 З 1 па 7 жніўня ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступілі 54 паведамленні і заявы пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Узбуджаны тры крымінальныя справы. Складзены 123 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Гісторыя пра металашукальнік
1 жніўня ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 205 КК "Крадзеж". За некалькі дзён да гэтага ў міліцыю звярнуўся міярчанін. З гаража ў двары дома прапаў металашукальнік. Яго кошт — 1800 рублёў. Украсці прыбор было нескладана, бо дзверы гаража не зачынілі на замок. Зламысніка ўстанавілі. Жыве на той жа вуліцы, раней судзімы, не працуе. Ён прадаў металашукальнік па вельмі заніжанай цане. Праз пакупніка і выйшлі на злодзея. Украдзенае канфіскавана.


За мак па 23 рублі
Праваахоўнікі працягваюць выяўляць мак на агародах і прысядзібных участках. 2 жніўня складзены два адміністрацыйныя пратаколы ў адносінах да вясковых жыхароў. У адной гаспадыні раслі тры кусты забароненай расліны, у другой — два. Абедзве пакараны штрафам у адну базавую велічыню.


Дойка пад градусам
Супрацоўніца ААТ "Чэрасы" 2 жніўня прыехала даіць кароў на пашу ў стане алкагольнага ап'янення. За што і атрымала адміністрацыйны пратакол. Пагражае штраф ад 1 да 10 базавых велічынь. Матэрыял разгледзяць у судзе.


Ліпавыя прадпрымальнікі
Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь 3 жніўня ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле 233 КК "Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць". Галоўныя героі — група асоб, у тым ліку і з Міёрскага раёна, якія скуплялі беларускія цыгарэты для перапродажу ў Латвіі. Займаліся гэтым з чэрвеня 2015 года па кастрычнік 2016-га. Дзяржаўнай рэгістрацыі ў "бізнесменаў" не было.


Віно ля магазіна
Міярчаніна з бутэлькай "Мілавіцы" затрымалі ў грамадскім месцы. Алкагольны напой распіваў ля жылога дома і магазіна "Родны кут" па вуліцы Кірава. За такое правапарушэнне мужчыну раней прыцягвалі да адказнасці. Таму цяпер пакаранне больш строгае — штраф ад 2 да 15 БВ або адміністрацыйны арышт. Матэрыял накіраваны ў суд.


33 патроны
У захаванні боепрыпасаў абвінавачваецца жыхар райцэнтра. Падчас агляду яго месца жыхарства праваахоўнікі знайшлі 33 патроны да агнястрэльнай зброі. Крымінальная справа ўзбуджана 7 жніўня Упраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.

Дзмітрый ХОМІЧ, начальнік
штаба раённага аддзела ўнутраных спраў.
Аляксандр ФУРС, начальнік
раённага аддзела Следчага камітэта.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.