В Миорский РОВД поступило 50 сообщений и заявлений

 З 25 па 31 ліпеня ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла 50 паведамленняў і заяў пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Узбуджана пяць крымінальных спраў. Складзена 257 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Украдзены грошы
У вёсцы Лыска Завуццеўскага сельсавета ўчынены крадзеж з пранікненнем у жыллё. Невядомая асоба ўвечары забралася ў жылы дом, выставіўшы шкло ў аконнай раме. Знікла 505 рублёў. Крымінальная справа ўзбуджана 25 ліпеня. Ідзе следства.


Нагляд не вытрымаў
Раней судзімы жыхар Туркоўскага сельсавета сёлета са студзеня знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам. Згодна з патрабаваннямі суда, павінен быў знаходзіцца ў сваім жыллі з 21.00 да 6.00, перыядычна з'яўляцца на рэгістрацыю ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС. Прытрымлівацца правіл у мужчыны не атрымалася. 26 ліпеня ў адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа за парушэнне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.


Насмецілі падлеткі
Трое непаўналетніх 27 ліпеня бавілі час у альтанцы ў адным з двароў райцэнтра. Культурным адпачынак не назавеш, бо пасля сябе пакінулі смецце. За што і атрымалі пратаколы па артыкуле 17.1 КаАП "Дробнае хуліганства". Пакаранне вызначыць камісія па справах непаўналетніх.

Выпадковая бойка
28 ліпеня ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 149 "Наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання". Двое навапалачан, адзін з якіх непаўналетні, пабілі 57-гадовага жыхара Перабродскага сельсавета. Гараджане гасцявалі ў радні. Неяк увечары выпадкова сустрэлі мясцовага сяльчаніна. Хлопцы былі ў нецвярозым стане. Распачалі бойку і зламалі мужчыну два рабры. Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю.

Злодзей на дачы
На дачу ў вёсцы Орцы пранік злодзей, пашкодзіўшы ўваходныя дзверы. Украдзены электрадрыль, шурупавёрт, шліфмашынка, дзве бутэлькі алкагольных напояў. Урон ацэнены ў 408 рублёў. Гаспадары дачы—мінчане. Яны паведамілі ў міліцыю пра крадзеж. Крымінальная справа ўзбуджана 28 ліпеня.

Скандал, якога не было
З вёскі Кацілава 30 ліпеня на 102 паступіла паведамленне пра хатні скандал. Пасынак расказаў, што п'яны айчым буяніць і б'е яго. Міліцыя дарэмна спяшалася на дапамогу—інфармацыя аказалася несапраўднай. На "пацярпелага" складзены пратакол за ілжывае паведамленне. Такое правапарушэнне караецца штрафам ад чатырох да пятнаццаці базавых велічынь. Матэрыял разгледзіць суд.


Прысваенне і растрата
У адносінах да дзвюх супрацоўніц райспажыўтаварыства 31 ліпеня ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 211 "Прысваенне або растрата". Загадчыца аднаго з магазінаў у Міёрах разам з прадаўцом з верасня мінулага года да пачатку сакавіка 2017-га прысвоілі і растрацілі прадукцыю і выручку на суму 3 988 рублёў.
***
Усяго ў ліпені ўзбуджана 21 крымінальная справа, раскрыта 14. Па лініі крымінальнага вышуку — 14 спраў, з якіх раскрыта 7. Найбольшую частку злачынстваў складаюць крадзяжы — 11, з іх 7 засталіся нераскрытымі.

Дзмітрый ХОМІЧ, начальнік
штаба раённага аддзела ўнутраных спраў.
Аляксандр ФУРС, начальнік
раённага аддзела Следчага камітэта.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.