З 20 па 26 чэрвеня ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла 51 паведамленне і заява пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Крымінальныя справы не ўзбуджаліся. Складзена 114 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Нібыта пабіты
Жыхар Ідолта паведаміў у міліцыю, што яго пабілі. На месца прыбылі праваахоўнікі. Аказалася, пабояў няма, а "пацярпелы" — п'яны. У адносінах да яго складзены пратакол за заведама ілжывае паведамленне. За такое правапарушэнне прадугледжаны штраф ад чатырох да пятнаццаці базавых велічынь. Пакаранне вынесе суд.
Сабака на волі
Па вуліцы Азёрнай у райцэнтры бегаў сабака. Нападаў на мінакоў. На гаспадыню склалі адміністрацыйны пратакол за парушэнне правіл утрымання хатняга гадаванца. Пакаранне — ад папярэджання да штрафу ад адной да пятнаццаці базавых велічынь. Матэрыял накіраваны ў суд.
П'яны пастух
Пастух ААТ "Наўгароды" 21 чэрвеня даглядаў статак у нецвярозым стане. Складзены адміністрацыйны пратакол. Парушальніку пагражае штраф ад адной да дзесяці БВ. Справу разгледзяць у судзе.
Скандал ля магазіна
Ля магазіна "Міні-маркет" па вуліцы Будаўнікоў у Міёрах 24 чэрвеня двое мужчын учынілі скандал. Абодва былі п'яныя, нецэнзурна лаяліся, спрабавалі ўдарыць аднаго з пакупнікоў. У выніку — два пратаколы. За дробнае хуліганства і знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Пакаранне вынесе суд.
Нецвярозы ў царкве
У міёрскую царкву на вячэрнюю службу ў суботу, 24 чэрвеня, прыйшоў п'яны жыхар райцэнтра. У святым месцы і на яго тэрыторыі дапускаў нецэнзурную лаянку. Міліцыянеры даставілі парушальніка ў РАУС, там ён аказаў непадпарадкаванне дзяжурным. У суд накіраваны тры адміністрацыйныя пратаколы.
Дзмітрый ХОМІЧ,
начальнік штаба раённага
аддзела ўнутраных спраў.