З 6 да 12 чэрвеня ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла 54 паведамленні пра ўчыненыя правапарушэнні і злачынствы. Узбуджана 6 крымінальных спраў. Складзена 128 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У чужую хату — за газавай плітой
6 чэрвеня па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да раней судзімага жыхара Міёрскага раёна. У перыяд з 10 мая да пачатку чэрвеня ён вынес з чужой дачнай хаты ў вёсцы Копцева газавую пліту з балонам, электрачайнік і скрыню з інструментамі. Выкрадзенае канфіскавана.
Не ў дзверы, дык праз акно
Да міёрскіх праваахоўнікаў звярнуўся навапалачанін. У пачатку чэрвеня нехта праз акно пракраўся ў яго дачную хату на хутары Брушкі і выкраў касетны магнітафон "Шарп" і бензакасу "Штыль". Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа. Сума ўрону—каля 200 рублёў. Злачынцу шукаюць.
Ценявы порах
У міліцыю паступіла інфармацыя пра тое, што жыхар Міёрскага сельсавета захоўвае дома незарэгістраваную зброю. У ходзе агляду жылля канфіскавана некалькі банак з порахам. 10 чэрвеня ў адносінах да гаспадара ўзбуджана крымінальная справа па факце незаконных дзеянняў у дачыненні да выбуховых рэчываў.
"Налёт" на дачны гараж
Нядаўна ў дачны гараж навапалачаніна ў Дзісне пранік злодзей. Узламаў навясны замок. Выкрадзены стацыянарны малалітражны рухавік, два колы ад матаблока і аўтамабільныя запчасткі на агульную суму каля 510 рублёў.
Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа. Асоба, якая ўчыніла злачынства, устанаўліваецца.
Разбой у Румполлі
11 чэрвеня ў райаддзел унутраных спраў паступіла паведамленне ад прадаўца магазіна ў вёсцы Румполле. Раней судзімы за разбой жыхар Папшулёў апоўдні адкрыта вынес з магазіна пяць бутэлек гарэлкі, тры бутэлькі віна і батон каўбасы. Паводзіў сябе агрэсіўна, пагражаў гвалтам.
Парушальнік закона затрыманы і знаходзіцца ў ізалятары. У адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа. Ім учынены ўрон на суму каля 50 рублёў.
Злодзей скарыстаўся ключом
З 10 на 11 чэрвеня ў гараж жыхара Міёрскага раёна пранік непрацуючы неаднаразова судзімы зямляк. Скарыстаўся ключом, які быў схаваны ва ўмоўным месцы. Выкраў дзве тысячы рублёў.
У адносінах да злодзея ўзбуджана крымінальная справа. Большая частка грошай канфіскавана.
Усяму віной свіны кумпяк
Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута міярчанка, якая выкрала з гаспадарчай пабудовы жыхаркі райцэнтра свіны кумпяк. Урон на суму 35 рублёў 60 капеек не сплочаны. Справа накіравана ў суд.
Дзмітрый ХОМІЧ, начальнік
штаба раённага аддзела ўнутраных спраў;
Аляксандр ФУРС, начальнік раённага
аддзела Следчага камітэта.