Галоўная > Здароўе > Нікацін, алкаголь і сасуды

Нікацін, алкаголь і сасуды


19-10-2012, 11:26. размясціў: gazeta

Штогод смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых паталогій з агульнай колькасці дасягае 50%. Асабліва непакоіць высокі яе працэнт сярод людзей працаздольнага ўзросту. Асноўныя прычыны — курэнне і злоўжыванне алкаголем. Справа ў тым, што нікацін выклікае спазм артэрыяльных сасудаў ва ўсім целе. А яны павялічваюць супраціўленне току крыві. Гэта вядзе да павышэння ціску, росту масы сэрца і пашырэнню яго поласцяў, адноснай недастатковасці клапаннага апарата, парушэння сардэчнага рытму. Як вынік, сардэчная недастатковасць.

 

Калі ў вас сардэчная недастатковасць і высокі артэрыяльны ціск, пачынаюць пакутаваць ныркі, што яшчэ больш павышае ціск, з’яўляюцца ішэмічная хвароба, парушэнне кровазвароту галаўнога мозга, аблітэрыруючы эндартэрыыт, падае зрок. Дарэчы, лячэнне аблітэрыруючага эндартэрыыту часта заканчваецца ампутацыяй ног.

 

У курачых часцей здараюцца інфаркты міякарда, ішэмічныя і гемарагічныя інсульты галаўнога мозга, парушэнні сардэчнага рытму, раптоўная сардэчная смерць.

 

Алкаголь дзейнічае так жа. Толькі 30 мл спірту ў мужчынскім арганізме і 15 — у жаночым на працягу сутак ператвараюцца ў вуглякіслы газ і ваду. Калі ж выпіваеце больш, ён акісляецца да малочнай кіслаты, якая і выклікае стойкі спазм артэрыяльных сасудаў у арганізме. А гэтая праблема вядзе да вышэйназваных наступстваў, у тым ліку да алкагольнай кардыяміяпатыі, што дрэнна паддаецца медыкаментознаму лячэнню.

 

Акрамя таго, нікацін і алкаголь зніжаюць супрацьракавы імунітэт, садзейнічаюць хутчэйшаму старэнню арганізма. У курачых жанчын узнікаюць праблемы з дзетанараджэннем. У мужчын рана зніжаецца лібіда і эрэктыльная функцыя.

Памятайце, асобы, якія залежаць ад нікаціну і алкаголю, значна менш жывуць. Таму выбірайце: піць, курыць, лячыцца ўсё жыццё і рана памерці або быць здаровымі. Любіце сябе!

 

З. ПАБЯРЖЫН,

кардыёлаг.

 


Вярнуцца назад