Галоўная > Здароўе > Смачна есці і добра выглядаць

Смачна есці і добра выглядаць


25-02-2012, 15:48. размясціў: gazeta

Знешні выгляд і вясёлы настрой у жанчыны вельмі ўзаемазвязаны. Свежы колер твару, пяшчотная чыстая скура, здаровыя моцныя валасы радуюць заўсёды. І атрымліваць станоўчыя эмоцыі можна пастаянна. Калі ў вашым меню знойдзецца месца для «прадуктаў прыгажосці».

 

  Аўсянка, міс

Часцей снедайце аўсянай кашай. У зерні аўса ўтрымліваюцца розныя мікраэлементы, вітаміны А, В і РР, арганічныя кіслоты, кальцый і калій. Увесь гэты «карысны набор» на ваш знешні выгляд паўплывае найлепшым чынам. Скура будзе пяшчотнай і чыстай, а колер твару стане ідэальным. Разам з тым знікне праблема ломкіх валос.

 

  Морква: інструкцыя па ўжыванні

Тым, каго хвалюе сухасць скуры, рэкамендуецца морква. Яна багатая вітамінам А, якога не хапае вам. Аднак каб гэты вітамін засвоіўся арганізмам, яго неабходна спалучаць з тлушчамі. Напрыклад, заправіць салату з морквы алеем ці смятанай або дабавіць у маркоўны сок крыху вяршкоў.

 

 Мяса для тонусу

Скура губляе тонус з-за недахопу бялку. Таму не забывайцеся пакласці на талерку кавалачак варанага мяса. Павышаюць тонус скуры вітаміны В5, В6, В8. Іх дастаткова ў мясе птушкі, свініне і ялавічыне.

 

 Экзатычны фрукт

Час ад часу ешце на дэсерт ківі — і колер твару палепшыцца. Справа тут у бэтакараціне, якім багаты фрукт. Дарэчы, бэтакарацін спрыяе і прыгожаму загару. Таксама ківі ўтрымлівае значны запас вітаміна С. У якасці прафілактыкі старэння гэта тое, што трэба. Увогуле па вітаміннай дозе ківі прыраўноўваецца да аднаго сярэдняга лімона і замяняе 2 апельсіны і 4 мандарыны.

 

 Айчынны аналаг

Калі дазволіць сабе ківі мы можам не заўсёды, асабліва ў сённяшняй  сітуацыі з цэнамі, то з квашанай капустай такіх праблем быць не павінна. Яна таксама не бедная на вітамін С, паляпшае колер твару і дапамагае справіцца з праблемнай скурай. А малочная кіслата, што ўтрымліваецца ў квашанай капусце, ачышчае арганізм ад шлакаў.

Вядома, ва ўсім трэба ведаць меру. Празмернае захапленне нават карыснымі прадуктамі можа мець не самы лепшы вынік.

 

Падрыхтавала Кацярына СУРАВЕЦ.

 

 

 


Вярнуцца назад