Галоўная > Здароўе / Профилактика Covid-19 > Вакцынацыя ад COVID-19 даступна кожнаму!

Вакцынацыя ад COVID-19 даступна кожнаму!


19-05-2021, 13:11. размясціў: gazeta

 Захворваемасць на каронавірусную інфекцыю застаецца на высокім узроўні. У Міёрскім раёне з пачатку мая зарэгістравана 65 выпадкаў, найбольшая колькасць – у райцэнтры (41), ва Узмёнскім сельсавеце (14). Часцей хварэюць людзі ва ўзросце 50 – 59 гадоў (18), 60 – 69 (11), 70 – 79 (11). Адзіны спосаб засцерагчы сябе – вакцыніравацца.

 

У Міёрскім раёне прышчэпку можна зрабіць з выкарыстаннем вакцыны «Гам-Ковід-Вак» (Спутнік Ві) вытворчасці Расійскай Федэрацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Прадэдура складаецца з дзвюх ін’екцый з інтэрвалам у тры тыдні, якія дапамогуць сфарміраваць паўнавартасную ахову ад захворвання. Перад прышчэпкай тэрапеўт правядзе медыцынскі агляд, тэрмаметрыю, удакладніць анамнез. На працягу паўгадзіны пасля вакцынацыі неабходна заставацца ў медыцынскай арганізацыі, каб папярэдзіць магчымыя алергічныя рэакцыі.
Імунізацыю можна прайсці ў паліклініцы ў Міёрах у дарослым прышчэпачным кабінеце, таксама брыгады выязджаюць у лячэбна-прафілактычныя ўстановы раёна.

 
Варта разумець, што нават пасля вакцынацыі лепш захоўваць меры прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі COVID-19:
- рэгулярна мыць рукі з мылам ці апрацоўваць іх антысептычным сродкам;
- пазбягаць цеснага кантакту (бліжэй за метр) з хворымі людзьмі, у якіх кашаль ці павышаная тэмпература цела. Калі захоўваць сацыяльную дыстанцыю няма магчымасці, варта выкарыстоўваць маску;
- старацца не датыкацца нямытымі рукамі да носа, рота і вачэй;
- пры кашлі і чханні прыкрываць нос і рот аднаразовай сурвэткай ці сагнутым локцем, пасля абавязкова мыць рукі;
- устрымлівацца ад наведвання шматлюдных месцаў у перыяд масавых захворванняў;
- часцей праветрываць памяшканні, дэзынфікаваць кантактныя паверхні, асабліва дзвярныя ручкі, пульты тэлевізара, тэлефоны, камп’ютарныя клавіятуры і інш., да якіх часта датыкаюцца;
- прытрымлівацца здаровага харчавання і быць фізічна актыўным.

 
Разам мы пераможам COVID-19!

 

Галіна ФЕДУКОВІЧ, галоўны ўрач Міёрскага РЦГЭ.

Фота для ілюстрацыі.


Вярнуцца назад