Галоўная > Здароўе > "Пчаліны вулей – натуральная аптэка": легкі шлях да добрага здароўя з доктарам Таццянай БАНДАРЭВІЧ

"Пчаліны вулей – натуральная аптэка": легкі шлях да добрага здароўя з доктарам Таццянай БАНДАРЭВІЧ


22-02-2021, 14:21. размясціў: gazeta

 Шукаем лёгкія шляхі да добрага самаадчування разам з доктарам Таццянай БАНДАРЭВІЧ.

 

– Пчаліны вулей – натуральная аптэка. Як не скарыстацца дарамі лятучых лекараў?! – заўважае Таццяна Філіпаўна. – Мёд – крыніца мінералаў і вітамінаў. Каб яны лепш засвоіліся, салодкі ласунак трэба рассмоктваць. Сутачная доза – тры чайныя лыжкі. Як і ўсе пчаліныя прадукты, мёд ужываюць перад ежай. Ён паляпшае імунітэт, самаадчуванне, настрой.

У якіх выпадках выкарыстоўваюць пропаліс?
– Гэта прыродны антыбіётык, які валодае раназажыўляльным уздзеяннем, паколькі стымулюе мясцовы кровазварот. Для паласкання горла пры хранічным танзіліце, для прыёму ўнутр пры гастрытах, язве страўніка і 12-перснай кішкі, пры наяўнасці ў страўніку хелікабактэр пілары (патагенны мікраарганізм), дызбактэрыёзах прымаюць водны пропаліс.

 
Гатуюць яго так. 100 грамаў здробненага пропалісу і 200 мл вады ставяць на вадзяную лазню на 40 хвілін. Пасля працадзіць. Можна выкарыстоўваць гатовую 10 % спіртавую настойку пропалісу, якая ёсць у аптэках. Дамашні настой прымаюць па чайнай лыжцы два разы ў дзень перад ежай, аптэчную настойку разводзяць у палове шклянкі вады.

 

Кветкавы пылок таксама можа знайсці месца ў дамашняй натуральнай аптэчцы?
– Так, ён вельмі карысны. Утрымлівае шмат каштоўных рэчываў, умацоўвае арганізм, павышае імунітэт. Рэкамендуюць кветкавы пылок пры анкалогіі, паколькі ён спрыяе аднаўленню нармальнай структуры клетак, парушаных злаякасным утварэннем. Прымаць трэба, размешваючы з мёдам.

 

Шмат добрых водгукаў чула пра пчаліную пяргу. У чым яе карысць?
– Пярга – той жа кветкавы пылок, толькі пасля браджэння. Пчолы кладуць яго ў соты на дно, зверху заліваюць няктарам і запячатваюць. Пылок абагачаецца малочнакіслымі бактэрыямі, каліем, амінакіслотамі і становіцца яшчэ больш эфектыўным. Рэкамендуюць пяргу пажылым лю-дзям, у якіх праблемы з мозгам і сардэчна-сасудзістай сістэмай. Як агульнаўмацавальны сродак пры знясіленні яго можна ўжываць усім.

 

Прадуктам для жаночага здароўя і прыгажосці называюць матачнае малачко. Гэта нездарма?
– Сапраўды, матачнае малачко ўтрымлівае жаночыя гармоны. Гэта даволі дарагі прадукт, аднак яго карысць для жанчын бясцэнная. Дарэчы, мужчынам прызначаюць трутневы расплод, у якім утрымліваюцца мужчынскія гармоны.

 

Атрымліваецца, любы пчаліны прадукт карысны для чалавека.
– Нават забрус – крышачкі, якімі пчолы запячатваюць соты, запоўненыя мёдам. Гэта воск, набрынялы пропалісам. Ён вельмі эфектыўны і рэкамендуецца пры захворваннях лор-органаў, парадантозе. Крышачкі зразаюць і проста жуюць. Можна жаваць соты, там ёсць усё: пярга, мёд, воск, пропаліс, забрус.

 

Ці праўда, што ў лекавых мэтах выкарыстоўваюць памерлых пчол?
– Гэта так. У целах памерлых пчол утрымліваюцца як рэшткі пчалінага яду, так і моцнае біялагічна актыўнае рэчыва хітазан, вялікая колькасць макра- і мікраэлементаў, ферментаў. Каб атрымаць лекавы сродак для знешняга прымянення, трэба напоўніць бутэльку пчаліным падморам амаль даверху і заліць гарэлкай. Настойваць тры – чатыры тыдні ў халадзільніку. Здрабніць і атрыманай мутнай вадкасцю намазваць хворыя месцы. Так лечаць суставы, радыкуліт, варыкоз.

 
Выкарыстоўваюць і восеньскі падмор. Гэта пчолы, якіх выграбаюць з вулля перш чым зачыніць яго на зіму. Іх таксама настойваюць на гарэлцы (2,5 сталовыя лыжкі падмору на паўлітра вадкасці) на працягу месяца. Пасля фільтруюць. Атрыманы раствор прымаюць па 15 – 20 кропель пасля ежы на працягу аднаго – двух месяцаў. Яго можна выкарыстоўваць усім людзям пасля 40 гадоў, у якіх праблемы з сасудамі. Гэты сродак ачышчае сасуды ад атэрасклератычных бляшак, рэкамендуецца пры лячэнні адэномы прадсталёвай залозы. Разам з тым павышае імунітэт і паляпшае агульнае самаадчуванне.

 

У якасці лекавай працэдуры практыкуюць укусы пчол. Наколькі гэта апраўдана і ці ўсім падыходзіць?
– Апітэрапію (лячэнне ўкусамі пчол) можна выкарыстоўваць для лячэння розных захворванняў. У тым ліку апорна-рухальнага апарата, аблітэрыруючага эндатэрыіту (звужэнне артэрый ног), вырыкознай хваробы, постінсультных станаў, ішэмічнай хваробы сэрца (пчаліны яд спрыяльна ўздзейнічае на каранарны крываток, на работу міякарда). Абсалютнае супрацьпаказанне – хранічны гломеруланефрыт, цыроз печані, анкалагічныя і абвастрэнні цяжкіх хранічных захворванняў, непераноснасць пчалінага яду. Прымяняць апітэрапію лепш пад назіраннем спецыяліста. А вось ужываць карысныя прадукты з пчалінага вулею можна самастойна.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота для ілюстрацыі.


Вярнуцца назад