Галоўная > Здароўе > На агляд - кожны год. Як не прапусціць сухоты

На агляд - кожны год. Як не прапусціць сухоты


1-04-2020, 09:00. размясціў: gazeta

 У свеце штогод 3 мільёны чалавек гінуць ад сухотаў, выяўляюць 8 – 10 мільёнаў новых хворых. 

У Віцебскай вобласці апошнія гады эпідэмічная сітуацыя стабільная, з устойлівай тэндэнцыяй да паляпшэння. Летась адзначалася зніжэнне захворваемасці. Выявілі 162 пацыентаў з сухотамі рознай лакалізацыі, што на 58 менш, чем у 2018-ым. Агульная захворваемасць склала 13,6 на 100 тысяч насельніцтва (за 2018 – 18,5).


У Міёрскім раёне захворваемасць на сухоты засталася на ўзроўні 2018-га. Зарэгістраваны адзін выпадак ці 5,09 на 100 тысяч насельніцтва.
Узбуджальнік хваробы – мікрабактэрыя ці палачка Коха, адкрытая нямецкім вучоным у 1882 годзе і названая яго іменем. Крыніцай заражэння становіцца хворы на актыўную форму сухотаў лёгкіх. Пры кашлі, размове, чханні ён выдзяляе ў паветра вялікую колькасць бактэрый, якія могуць працяглы час заставацца ў дрэнна праветрываемым памяшканні і трапляць у арганізм здаровага чалавека.


Заразіцца яшчэ не значыць захварэць. Верагоднасць займець актыўную форму сухотаў, атрымаўшы палачку Коха, складае каля 5 – 10 % на працягу жыцця. Ад моманту заражэння можа прайсці ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў.
Першыя прыкметы: працяглы кашаль – сухі ці з макротай (больш за тры тыдні), часам з крывёй, страта апетыту, зніжэнне вагі цела, агульнае недамаганне, слабасць, патлівасць (асабліва па начах), стамляльнасць, перыядычнае павышэнне тэмпературы цела, боль у грудзіне. Вялікая рызыка захварэць у тых, хто працяглы час кантактуе з хворым у дрэнна праветрываемым памяшканні, у каго слабы імунітэт.


Для ўмацавання абаронных сіл арганізма неабходны правільны рэжым працы, рацыянальнае і збалансаванае харчаванне, здаровы лад жыцця, адмова ад курэння, наркотыкаў, злоўжывання спіртнымі напоямі.
Самы надзейны спосаб выявіць хваробу на ранніх стадыях – флюараграфічнае (ці рэнтгеналагічнае) абследаванне. Штогадовыя агляды таксама пасадзейнічаюць выяўленню сухотаў і іншых захворванняў органаў грудной клеткі.

Фота для ілюстрацыі.
Алена ТАНКАВІД, урач-эпідэміёлаг санітарна-эпідэміялагічнага аддзела РЦГЭ.


Вярнуцца назад