Галоўная > Здароўе > У Віцебскай вобласці зарэгістраваны выпадак трыхінелёзу

У Віцебскай вобласці зарэгістраваны выпадак трыхінелёзу


14-11-2019, 11:50. размясціў: gazeta

 Трыхінелёз – паразітарная хвароба чалавека і жывёл, якую выклікаюць дробныя нябачныя воку трыхінелы. Рост захворваемасці прыпадае на перыяд з кастрычніка па красавік, што звязана з пачаткам масавага забою свіней у сельскай мясцовасці.

Эпідэміялагічная сітуацыя
Сёлета ў Віцебскай вобласці зарэгістраваны адзін выпадак захворвання людзей трыхінелёзам – на Лепельшчыне. Летась было тры: у Полацку, Наваполацку, Глыбоцкім раёне.

Як заражаюцца
Пры спажыванні ў ежу заражанага мяса хатніх свіней. Тыя, у сваю чаргу, захворваюць, паядаючы мышэй, пацукоў, трупы драпежных жывёл ці адходы паляўнічага промыслу.

Сімптомы
Клінічныя праяўленні звычайна праз 2 – 4 тыдні, у асобных выпадках – праз некалькі дзён пасля спажывання заражаных мясапрадуктаў. Высокая тэмпература (39 градусаў і вышэй), мышачны боль, часцей у ікраножнай вобласці, ацёкі павекаў і твару. Часам бываюць скураныя высыпанні і кішэчныя расстройствы.

Меры прафілактыкі
Не купляйце мяса ў незнаёмцаў.
На рынку пытайцеся ў прадаўца даведку пра ветэрынарную экспертызу і бяспеку прадукта.
Правярайце ў ветэрынарнай лабараторыі мяса свіней пры хатнім забоі.
Адмоўцеся ад спажывання мяса сумніўнага паходжання.

Фота для ілюстрацыі.
Алена ТАНКАВІД, урач-эпідэміёлаг (загадчык аддзела)

санітарна-эпідэміялагічнага аддзела РЦГЭ.


Вярнуцца назад