Галоўная > Здароўе > Палачцы Коха даць адпор

Палачцы Коха даць адпор


25-03-2019, 16:20. размясціў: gazeta

 Туберкулёз — інфекцыйнае захворванне, якое выклікаюць мікабактэрыі (іх называюць бацыламі ці палачкамі Коха). Яны трапляюць у дыхальныя шляхі з пылам і часцінкамі макроцця ад хворых пры чыханні, кашлі і размове. Штогод ад туберкулёзу гінуць каля трох мільёнаў чалавек, а захворваюць упершыню восем-дзесяць мільёнаў. 

У Віцебскай вобласці, як і ў цэлым па рэспубліцы, на працягу шэрагу гадоў эпідэмічная сітуацыя па туберкулёзу застаецца стабільнай з устойлівай тэндэнцыяй да паляпшэння. Летась выявілі 1858 хворых (у 2017-ым — 2237), па Віцебскай вобласці — 220, што на 28 працэнтаў менш, чым у папярэднім годзе. Паказчык агульнай захворваемасці складае 18,6 на 100 тысяч насельніцтва. Дасягнута зніжэнне на 11 працэнтаў.


У Міёрскім раёне адзначаецца зніжэнне захворваемасці туберкулёзам у чатыры разы. Летась зарэгістраваны адзін выпадак ці 4,92 на 100 тысяч насельніцтва.


Крыніцай заражэння з’яўляецца хворы на актыўную форму туберкулёзу лёгкіх. Аднак верагоднасць захварэць у здаровага чалавека, які атрымаў палачку Коха, складае каля пяці-дзесяці працэнтаў на працягу жыцця. З моманту заражэння да развіцця хваробы можа прайсці ад некалькі дзён да некалькі месяцаў. Першыя прыкметы туберкулёзу: працяглы (больш за тры тыдні), сухі кашаль, з выдзяленнем макроцця, часам нават з прымессю крыві. У чалавека прападае апетыт, зніжаецца вага цела, з’яўляецца агульнае недамаганне, слабасць, патлівасць (асабліва па начах), знікае працаздольнасць. Перыядычна павышаецца тэмпература цела, турбуе боль у грудзях.


Рызыкуюць захварэць у першую чаргу людзі, якія працяглы час кантактуюць з хворым у дрэнна праветрываемым памяшканні і маюць аслабленую імунную сістэму. Таму неабходна ўмацоўваць абаронныя сілы арганізма: выконваць правільны рэжым працы, рацыянальна і збалансавана харчавацца, адмаўляцца ад курэння, наркотыкаў, злоўжывання спіртнымі напіткамі, прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, паляпшаць вытворчы асяродак, у прыватнасці зніжаць скучанасць і запыленасць памяшканняў, паляпшаць работу вентыляцыйнай сістэмы.
Засцерагуць ад заражэння прафілактычныя прышчэпкі ад туберкулёзу. Аднак самы надзейны спосаб выявіць хваробу на ранніх стадыях развіцця — прайсці флюараграфічнае ці рэнтгеналагічнае і бактэрыялагічнае абследаванне.

Фота для ілюстрацыі.

Алена ТАНКАВІД,
урач-эпідэміёлаг (загадчык)
санітарна-эпідэміялагічным

аддзелам РЦГЭ.


Вярнуцца назад