Галоўная > Здароўе > Курэнне — адна з буйнейшых праблем

Курэнне — адна з буйнейшых праблем


31-05-2018, 14:23. размясціў: gazeta

 31 мая — Сусветны дзень без тытуню

Курэнне — адна з буйнейшых праблем у сферы грамадскага здароўя. Сардэчна-сасудзістыя захворванні, уключаючы інсульт, уваходзяць у лік асноўных прычын смяротнасці ў свеце, а спажыванне тытуню — другая пасля павышанага артэрыяльнага ціску прычына іх развіцця.

У прагных курыльшчыкаў высокая верагоднасць перакрыцця каранарнай артэрыі, якая сілкуе сардэчную мышцу, тромбам ці халестэрынавай бляшкай. Гэта інфаркт міякарда. Ён суправаджаецца некрозам (адміраннем) паражонага ўчастка вострага парушэння кровазвароту — атэрасклерозу. Таксама ў курыльшчыкаў звычайна дыягнастуецца стэнакардыя.


Цыгарэтны дым павышае вязкасць крыві і садзейнічае ўтварэнню тромбаў. Курыльшчыкі часцей пакутуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі. Нікацін здольны павышаць тонус сасудзістых сценак. На працягу 20 хвілін пасля выкуранай цыгарэты павышаецца пульс і ціск. Гэта рэакцыя на паступленне дозы нікаціну, якую цела стараецца хутчэй перапрацаваць і вывесці. Ядавітыя рэчывы могуць пакінуць арганізм толькі праз 36 гадзін.


Медыкі выявілі прамую залежнасць паміж колькасцю выкураных цыгарэт і верагоднасцю небяспечнага для жыцця стану. Калі чалавек выпальвае пяць штук у дзень, рызыка смерці павышаецца на 40%, калі адзін пачак — на 400%. Шанцаў памерці становіцца ў 10 разоў больш.


Пры выкурванні пачку цыгарэт у дзень рызыка развіцця інфаркту міякарда павышаеца ў пяць разоў!
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 23% смерцяў ад ішэмічнай хваробы сэрца абумоўлена шкоднай звычкай. Працягласць жыцця курыльшчыкаў ва ўзросце 35-69 гадоў скарачаецца ў сярэднім на 20 гадоў. Раптоўная смерць сярод асоб, якія выпальваюць на працягу дня пачак цыгарэт і больш, назіраецца ў пяць разоў часцей, чым сярод некурачых.


У краіне забаронена рэклама тытунёвых вырабаў, зменены патрабаванні да іх упакоўкі. Гандлёвым аб’ектам нельга выкладваць цыгарэты на вітрынах і на іншым гандлёвым абсталяванні. Ствараюцца тэрыторыі, свабодныя ад курэння. Забаронена паліць у шэрагу грамадскіх месц: установах аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту, аб’ектах гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, арганізацыях чыгуначнага транспарта. Часта павышаюцца цэны на тытунёвыя вырабы.


Адмова ад курэння — адзін з эфектыўных і перспектыўных накірункаў аздараўлення насельніцтва і павелічэння працягласці жыцця. Неабходна, каб кожны чалавек мог дыхаць паветрам, свабодным ад тытунёвага дыму.


Мы ўсе ў адказе за нашых дзяцей, блізкіх, і павінны зрабіць усё магчымае, каб абараніць іх жыццё і здароўе ад згубнага ўплыву тытуню. Гэта ў нашых сілах!

Фота для ілюстрацыі.

Галіна ФЕДУКОВІЧ,
галоўны ўрач РЦГЭ.


Вярнуцца назад