В Миорском районе проживают шесть ВИЧ-инфицированных

У Міёрскім раёне пражываюць шэсць ВІЧ-інфіцыраваных. Гэта лічба афіцыйная. І, як заўважаюць спецыялісты, далёкая ад сапраўднасці. Больш дакладнае ўяўленне пра колькасць заражаных вірусам імунадэфіцыту чалавека ў пэўным рэгіёне можна атрымаць, калі памножыць афіцыйныя дадзеныя на 10 ці нават на 12.

Пра чуму ХХ і ХХІ стагоддзяў гаварылі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва 30 лістапада. Напярэдадні сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Удзельнікі круглага стала "ВІЧ нікога не шкадуе"—дзевяцікласнікі СШ №2, госці з райбальніцы і бібліятэкі.

Спецыяліст ТЦСАН  Вольга Пацяёнак раздала школьнікам анкеты з варыянтамі адказаў. Што такое ВІЧ-інфекцыя, як перадаецца, як паводзіць сябе з хворымі. Адны пытанні патрабавалі ведаў, іншыя—разваг. Многія, адказваючы, ці правамерна выключаць дзяцей, хворых на ВІЧ, са школы і грамадскага жыцця, выбіралі станоўчы адказ ці ставілі галачку насупраць варыянта "Мне ўсё роўна". Наша грамадства не гатова жыць побач з ВІЧ-інфіцыраванымі людзьмі. Іх лічаць крыніцай пагрозы і пазбягаюць зносін. Паводзіны неапраўданыя. У быце і паўсядзённасці такія хворыя не тояць небяспекі.

Урач-тэрапеўт Надзея Вішнеўская нагадала асноўныя шляхі перадачы віруса. Да іх не адносяцца пацалункі, абдымкі, поціскі рук, агульны посуд. З вірусам імунадэфіцыту жывуць у сярэднім ад года да дзесяці. СНІД—апошняя стадыя захворвання. Лякарства ад яго няма. Вынайдзеныя прэпараты толькі замаруджваюць працяканне хваробы. Лепшы і адзіны спосаб засцярогі, як заўважыла ўрач, гэта прафілактыка.

Пра СНІД шмат гавораць і пішуць. Нават на вокладцы вучнёўскіх сшыткаў размяшчаецца інфармацыя пра шляхі заражэння і спосабы прафілактыкі. Больш падрабязна пра інфекцыю, якая пагражае чалавецтву, расказваюць кнігі. Бібліятэкар Святлана Матэленак пазнаёміла з выставай "СНІД без міфаў і ілюзій". Літаратура для шырокага кола чытачоў. У адных кнігах—навуковая інфармацыя, у другіх—слушныя парады, у трэціх— прафілактычныя моманты.

Сімвал сусветнага дня барацьбы са СНІДам— чырвоная стужка. Гэтым атрыбутам абазначыла падлеткаў сакратар РК ГА "БРСМ" Вікторыя Пяткевіч. Маладзёжная арганізацыя не засталася ўбаку ад сусветнай праблемы і правяла акцыю "Моладзь супраць СНІДу".
Напрыканцы сустрэчы школьнікам прапанавалі гульню, якая адлюстроўвае стан чалавека з ВІЧ. Са стулаў зрабілі калідор—жыццёвы шлях. Ён звілісты, але здароўе і энергія адольваюць крутыя павароты. З завязанымі вачыма арыентавацца няпроста, без падтрымкі не абысціся. ВІЧ—гэта павязка на вачах. Калі губляюцца арыенціры і навокал змрок.

Вернемся да лічбаў. Кожную гадзіну ў свеце 125 чалавек памірае ад хвароб, выкліканых СНІДам і 110 заражаецца ВІЧ. У Беларусі пражывае каля 17 тысяч інфіцыраваных. У Віцебскай вобласці—1177. Найбольш нядобранадзейныя рэгіёны: горад Віцебск (317 хворых), Полацкі (144) і Лёзненскі (50) раёны. Гэта афіцыйныя дадзеныя. А рэальныя?
Не варта адварочвацца ад людзей з павязкай на вачах. І не варта рабіць неабдуманыя крокі, каб не павязаць чорны шалік сабе.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.