Асцярожна, кляшчы!

Сёлета ў раёне ў 2,7 раза павялічылася колькасць асоб, якія звярнуліся ў медустановы з прычыны ўкусу кляшчамі. Спецыялісты тлумачаць гэта пацяпленнем. А ад кляшчоў можна заразіцца энцафалітам, які паражае ў асноўным нервовую сістэму, і хваробай Лайма (парушэнні апорна-рухальнай, сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм). Вядома, далёка не ўсе членістаногія з’яўляюцца пераносчыкамі заразы. Мы прадставілі ў Полацкі занальны ЦГЭ 19 кляшчоў, толькі адзін з іх уяўляў небяспеку.

Больш усяго кляшчоў сустракаецца абапал лясных дарог і сцяжынак, на зарастаючых высечках, у ярах, ля рэк. Па траве і хмызняках яны ўзпаўзаюць на вышыню да 150 см. пры набліжэнні жывёлы ці чалавека пералятаюць на іх, чапляюцца за поўсць ці адзенне. Часцей за ўсё мацуюцца да скуры валасістай часткі запатылка, шыі, пад пахай і ў паху, пад лапаткамі і па пазваночніку, дзе адзенне не так шчыльна сутыкаецца з целам. Сліна насякомага абязбольвае месца ўкусу, таму чалавек можа яго не пачуць, пакуль клешч не нап’ецца крыві. Сверб з’явіцца толькі праз 6-12 гадзін. Пасля адпадання членістаногага на скуры застаецца балючы ачаг запалення да 5 мм у дыяметры, які захоўваецца 2-3 тыдні. Праз 10-14 дзён на яго месцы можа з’явіцца круглае пачырваненне, якое суправаджаецца павышанай тэмпературай, слабасцю, галаўным болем, ламотай у мышцах. У некаторых хворых павялічваюцца лімфавузлы, з’яўляюцца пакашліванне, насмарк. Магчыма і нетыповае праяўленне—без пачырваненняў скуры, але з павышэннем тэмпературы цела і павелічэннем лімфатычных вузлоў.
Вострая стадыя доўжыцца да 30 дзён. Калі не лячыцца, захворванне можа перайсці ў хранічную форму з развіццём менінгаэнцафаліту, паражэннем нерваў, сэрца, суставаў.

Каб засцерагчыся ад бяды, як мага хутчэй звярніцеся да ўрача. Чым раней пачаць прыём антыбіётыкаў, тым меншая рызыка захварэць. Любое павышэнне тэмпературы на працягу месяца пасля сустрэчы з кляшчом, боль у мышцах і суставах, ліхаманкавы стан павінны насцярожыць і прымусіць наведацца за меддапамогай.

Калі выявілі кляшча, лепш адразу звярнуцца ў медустанову. Можна абматаць вакол яго нітку і шатаючымі рухамі паступова выцягнуць. Такім жа чынам скарыстайцеся пінцэтам. Месца ўкусу апрацуйце ёдам ці перакісам вадароду, а кляшча дастаўце ў райЦГЭ для даследавання.

Выкарыстоўвайце супраць кляшчоў рэпеленты, максімальна ўхутвайце цела адзеннем і рэгулярна аглядайце сябе і сваіх спадарожнікаў, каб выявіць крывасосаў.

Р. МАЛІНОЎСКІ, галоўны санітарны ўрач раёна.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.