З цукровым дыябетам не жартуюць. Тым, хто мае такі дыягназ, абавязкова трэба прытрымлівацца пэўных правіл харчавання. З меню выключаюцца цукеркі, вафлі, пірожныя, сокі і да таго падобныя прадукты.
Аднак ласункі, дзе замест цукру выкарыстоўваюцца замяняльнікі, пры ўмераным ужыванні шкоды не прынясуць. Пагадзіцеся, кожнаму час ад часу хочацца пацешыць душу чым-небудзь салодзенькім. Як правіла, адпраўляемся ў магазін.
—Чаму ў гандлёвых кропках райспажыўтаварыства малы асартымент прадукцыі для хворых на цукровы дыябет?—цікавіцца пенсіянер з райцэнтра, які таксама мае такі дыягназ.—Так, у магазінах "Цэнтральны", "Родны кут" ёсць куткі здаровага харчавання, аднак рэдка ўбачыш там напоі, пячэнне і іншыя ласункі. Іх мне прывозяць дзеці, калі на выхадныя дадому прыязджаюць. Выбар звычайнага пячэння шырокі, а вось на фруктозе—дэфіцыт. Чаму б не заказаць больш? Дарэчы, у раёне каля 600 чалавек на цукровы дыябет хварэюць.
У адказе райспажыўтаварыства на пісьмовы запыт рэдакцыі адзначаецца, што ва ўсіх гандлёвых прадпрыемствах рэалізуюцца прадукты з нізкім і сярэднім глікемічным індэксам, якія можна ўжываць і хворым на дыябет. Гэта хлеб чорны, макаронныя вырабы, мяса птушкі і паўфабрыкаты з яго, аўсяныя і грачаныя крупы, марская рыба, яйкі, гародніна, фрукты, малочныя прадукты, чай, кава, мінеральная вада, згушчанае малако з фруктозай і іншыя. У сельскія магазіны завозяць прадукцыю 2 разы на тыдзень, у магазіны горада—штодня.
Куткі "Здаровае харчаванне" створаны ў магазінах "Прадукты "Родны кут", "Цэнтральны", "Родны кут". Пакупнікам прапануюцца 2-3 найменні хлябцоў, кашы 2-х найменняў, пячэнне з сарбітам, мюслі, "Геркулес". Невялікі асартымент тлумачыцца тым, што пастаўшчык тавараў дыябетычнага і здаровага харчавання УП "Здаровы прадукт" адпускае іх па папярэдняй аплаце. Да канца ліпеня райспажыўтаварыства плануе зрабіць папярэднюю аплату і асартымент тавараў для хворых на дыябет павялічыцца.