Авторизация
 

З жыцця медыкаў Каплун з Міёраў

+
Из жизни медиков Каплун из МиорІосіф Казіміравіч Каплун у сістэме аховы здароўя раёна працаваў з 1969 года, на заслужаны адпачынак пайшоў у 2005-ым. Большую частку гэтага напружанага перыяду ўзначальваў хірургічную службу ў цэнтральнай раённай бальніцы. Праз яго рукі прайшлі не сотні, тысячы хворых, якія ўспамінаюць урача з цеплынёй удзячнасцю. Наш край стаў для яго родным. І цяпер, у 75, памяць захоўвае старонкі мінулага. Вось яны.

Дзяцінства
Іосіф Каплун нарадзіўся 2 лютага 1941 года ў Воранаўскім раёне на Гродзеншчыне. Бацька не вярнуўся з фронту, ён застаўся адзіным сынам ў маці-калгасніцы. Першыя яркія ўражанні пакінула школа. Сшыткаў не было, і першакласнікі вучыліся пісаць алоўкамі на газетах. Потым асвоілі ручкі з пяром "зорачка", чарнілы рыхтавалі з буракоў. Вось гэтыя школьныя аксесуары прывялі да першай вялікай непрыемнасці: паставіў кляксу на партрэт правадыра ў падручніку. Замест таго, каб прамакнуць тую пляму, хлапчына бяздумна "падправіў" яе пальцам. Такая знявага таварыша Сталіна не засталася незаўважанай пільнаму воку НКУС. Што з малога возьмеш, а вось настаўніцы давялося і пахвалявацца, і паплакаць, хаця яна была строгай з выхаванцамі. У наступны раз жанчына шчыра заплакала ўжо дырэктрысай, як правадыр памёр. На школьнай лінейцы аб'явіла аб адмене заняткаў з выпадку жалобы і была шакіравана, што дзень без урокаў школьнікаў узрадаваў.
Але школа закончана, і з добрымі адзнакамі. Маці падтрымлівала жаданне сына стаць доктарам, але для паездкі на экзамены неабходны пашпарт. Для яго атрымання патрабавалася дазваляючая даведка праўлення калгаса. Не ведае Іосіф Казіміравіч, пра што гаварыла маці са старшынёй гаспадаркі, але той, сам былы франтавік без нагі, не змог адмовіць сыну салдата, што не вярнуўся з вайны.

Студэнт
Вось так І.К. Каплун стаў студэнтам Гродзенскага медыцынскага інстытута. Маці падтрымаць яго матэрыяльна не магла, у калгасе тады плацілі мала. Каб зарабіць стыпендыю, трэба было вучыцца толькі на  "добра" і "выдатна", інакш—непазбежнае вяртанне ў вёску на палявыя работы. Але стыпендыі не хапала нават на харчаванне ў сталовай. Там, нагадвае Іосіф Казіміравіч, абед каштаваў 36 капеек за невялічкую катлетку, праўда, бульбы да яе не шкадавалі, боршч без мяса і чай без цукру. Хлеб тады быў бясплатным. Вось і даводзілася па начах разгружаць вагоны на станцыі з дравамі ці арбузамі, працаваць на агароднінным складзе, начным качагарам ў рэстаране. Качагарыць было весялей, бо там вечна галоднага студэнта падкормлівалі работнікі кухні. Нешта і сябрам у студэнцкім інтэрнаце перападала. 
На чацвёртым курсе неяк на танцах у інтэрнаце прыкмеціў прыгожую, статную першакурсніцу. Якраз сабе па росце—Іосіф Казіміравіч вымахаў вялікі. У танцы пазнаёміліся. Прапанаваў схадзіць на фільм у летні кінатэатр. Цэлы год сябравалі, потым Ірына Іванаўна пагадзілася стаць жонкай. Вяселля не ладзілі, няма за што святкаваць студэнтам.
У Гродне студэнтаў вучылі на практыкуючых урачоў. З даведкай аб тым (дыплом яшчэ не выдавалі) пасля паўгадавой падрыхтоўкі ў Брэсце Іосіф Казіміравіч атрымаў накіраванне ў Чыту.

У Забайкаллі
У Чыту пасажырскі поезд даехаў на пятыя суткі. У абласным упраўленні аховы здароўя маладога ўрача сустрэлі гасцінна. Расклалі перад ім карту—сам выбірай куды ехаць, медыкі паўсюль патрэбны. Спыніўся на вялікай вузлавой станцыі транссібірскай магістралі Карымскай з чыгуначнай бальніцай. Туды дабрацца прасцей, і выбрацца—таксама. Тым больш, што чакаў жонку. Пасля яна перавядзецца ў медінстытут Чыты і прыедзе да яго. Але потым. А тады вельмі здзівіўся, што мясцовыя медыкі сустрэлі ля вагона на машыне, адкуль толькі даведаліся? Адразу завялі на кухню паесці, прапанавалі памыцца ў душы, адвялі ложак у палаце адпачыць. Толькі паспаць не давялося, маладая каляжанка папрасіла прачытаць кардыяграму. Па ёй вызначыў, што ў хворага інфаркту не здарылася, а для сябе зрабіў вывад: працаваць давядзецца напружана. Так і сталася. Хаця мясціны там прыгожыя, летам нават спёка, людзі гасцінныя, ды навокал тайга, зімой надта халодна, вечная мерзлата і невысокія заробкі. Таму маладыя спецыялісты не затрымліваліся: колькі штогод прыязджала па накіраванні, столькі пасля адпрацоўкі і вярталася ў больш спрыяльныя па клімаце мясціны.
Іосіфу Казіміравічу адразу прапанавалі пасаду загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення. Толькі больш вострая патрэба адчувалася ў хірургах. Таму неўзабаве прайшоў адпаведную спецыяліацыю. Але што значыць паглядзець, як працуюць іншыя, калі трэба самому браць скальпель у рукі. Таму даводзілася вучыцца на практыцы, іншы раз зазіраючы ў час аперацыі ў падручнік. У такой сітуацыі, цяпер лічыць Іосіф Казіміравіч, альбо хутка станеш класным спецыялістам, альбо пойдзеш даваць тлумачэнні пракурору аб прычынах прафесійнай няўдачы.
І.К. Каплун стаў спецыялістам, замяняў і падмяняў урачоў іншых профіляў, чатыры гады паспяхова лячыў людзей у якасці хірурга пры падтрымцы аперацыйнай сястры з франтавой падрыхтоўкай, якая адначасова забяспечвала анестэзію, якую тады рабілі з дапамогай эфіру. Набыў аўтарытэт сярод калег і насельніцтва. Хутка да яго далучылася жонка, якая закончыла медінстытут у Чыце і марыла пра тэрапію. Маладой сям'і нават "свяціла" новая кватэра. І тут яны сарваліся, здавалася, ужо з наседжанага месца і падаліся назад у Беларусь.
—У гэты час адбыліся вядомыя падзеі на савецка-кітайскай граніцы, а станцыя Карымская кіламетраў за 80 ад вострава Даманскага, адчуваўся подых вайны,—тлумачыць Іосіф Казіміравіч.—Да таго ж, у магазінах зніклі прадукты. На ўласным здароўі пачалі адчуваць уплыў недалёкіх уранавых руднікоў.

Из жизни медиков Каплун из МиорЗапрашэнне ў Міёры
Ірына Іванаўна прывезла мужа на сваю радзіму, а гэта вёска Пялікі ў Шаркаўшчынскім раёне. Адсюль Іосіф Казіміравіч пачаў "абследаваць наваколле" ў пошуках магчымага месца работы абодвум. Наведаў раённыя бальніцы ў Шаркаўшчыне, Паставах, Міёрах, пра якія ведаў толькі па нядаўна прадэманстраваным на экранах дакументальным фільме "Бітва ў Міёрах", як тут змагаліся з успышкай шаленства. Не паспеў грунтоўна ўзважыць усе "за" і "супраць", як ля цесцевай хаты прыпынілася "хуткая", якую ніхто не выклікаў. На ёй пад’ехаў галоўны ўрач з Міёр Мікалай Максімавіч Фёдараў з ордэрам на кватэру ў руках.

Так у 1969 годзе Іосіф Казіміравіч амаль што выпадкова апынуўся ў Міёрах і заняў пасаду загадчыка хірургічнага аддзялення. Ірына Іванаўна напачатку працавала гінеколагам, а потым вярнулася да любай тэрапіі, і да гэтага часу ёй займаецца.
Пачынаць на новым месцы заўсёды не проста, а ў той час бальніца размяшчалася ў прыстасаваным двухпавярховым і старым драўляным будынках. Цесна, абсталявання мала, пацыентаў шмат. Пасля рабочага дня начныя дзяжурствы ці выклікі—не выключэнне, а звычайная практыка, мала аплачваемая. І складаных выпадкаў запомнілася безліч. Але чалавека ў экстраным выпадку без дапамогі не пакінеш—гэта жыццёвае крэда.

Вось прывезлі станочніка з будаўнічай арганізацыі: абрэзак дошкі нейкім чынам уваткнуўся яму ў жывот. Адразу падумалася, што нічога складанага, кішкі цэлыя, проста можна выцягнуць той кавалак дрэва, прадэзынфіцыраваць і зашыць брушыну. Але як кранулі на хірургічным стале  драўніну, утварылася гематома. Пашкоджаны буйныя крывяносныя сасуды. Калі іх проста зашыць, чалавек застанецца без нагі. Давялося некалькі гадзін папацець, каб сшыць тыя сасуды. Затое  пацыент не стаў інвалідам.

Аднойчы прывезлі маладога механізатара, у якога напярэдадні вяселля надта пацярпеў важны орган. Давялося ўпершыню заняцца пластыкай, пра якую толькі чуў. Але вынік парадаваў: чалавек ажаніўся і займеў дзяцей.

Запомнілася цяжкая аперацыя на чэрапе. З-за вялікай гематомы спатрэбілася выбраць значную частку мозга. Напачатку думалася, што чалавек можа не выжыць. Потым— што стане інвалідам. Але той пасля выпіскі да ўрачоў працяглы час не звяртаўся. Стаў Іосіф Казіміравіч высвятляць у чым справа. Аказалася яго пацыент  працаваў раней настаўнікам матэматыкі, але пасля аперацыі не мог успомніць нават табліцу множання, затое стаў цудоўным выкладчыкам малявання.

І.К. Каплун ушываў ці выдаляў ныркі, ратаваў селязёнку, рабіў рэзекцыю страўніка, а гэта 1,5-2 гадзіны карпатлівай работы за аперацыйным сталом… Ці ж усё нагадаеш з практыкі за дзесяцігоддзі. Затое з кожным годам усё больш людзей пазнавала яго ў твар, віталася, раскланівалася. Чалавечая ўдзячнаць—тое, што заўсёды грэе душу.
Вучыў маладых калег. Пры тым звычайна прытрымліваўся наступнай методы: першую аперацыю раблю сам, ты асісціруеш; другую рабіць табе—а я ў памочніках, потым працуеш самастойна.

Гордасць—унучка

Цяпер у Іосіфа Казіміравіча размеранае жыццё пенсіянера. Адзіная дачка пайшла па іншай сцежцы. Ёй лёгка даваліся мовы іншых народаў, закончыла інстытут замежных моў. Працуе ў прэстыжнай нямецкай фірме ў Гамбургу, займаецца знешнегандлёвымі сувязямі з Расіяй, Францыяй і Англіяй. Свае здольнасці перадала дачцэ, кожны дзень размаўляла з ёй на нямецкай, англійскай, французскай мовах, не кажучы пра рускую ці беларускую.  Але ў той яшчэ схільнасці да фізікі. Пачынала вучыцца ў Мінску, праз беларускае пасольства атрымала права займацца ў Германіі і закончыла ўніверсітэт у Берліне. Там усё платнае, таму трэба старацца. А яна з пяцігадовай праграмай справілася за 4 гады. Адначасова працавала ў фірме "Сіменс". Цяпер бакалаўр, вучыцца на магістра, вядзе навуковую работу і мае публікацыі па фізіцы, замахваецца на астрафізіку. Запрашаюць расіяне з Саратава ў ВНУ чытаць лекцыі.
Жыццё старэйшага пакалення працягваецца ў дзецях, унуках. Радуе, калі ў іх прарасло пасеянае колісь табой зерне працавітасці і паспяховасці.

Леанід МАТЭЛЕНАК.
Фота з сямейнага архіва Каплунаў. 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 963
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 83 339
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 74 527
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 41 825
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 40 310
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 349
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 500
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 25 января 2020
Галактион, Илья, Макар, Петр, Татьяна

Именины 24 января 2020
Виталий, Владимир, Иосиф, Михаил, Николай, Степан, Терентий, Федор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта