День медсестры в Миорской ЦРБ

День медсестры в Миорской ЦРБ"Медсестра—моё призванье, дорогу выбрала сама", "А я люблю и чувствовать хочу, что чью-то жизнь сберечь сумела", "Больные верят медсестре чуть больше, чем врачу",—шмат добрых і светлых песенных і вершаваных радкоў прагучала на конкурсе прафмайстэрства "Прафесія дабра і міласэрнасці". 12 мая, у Міжнародны дзень медыцынскай сястры, маладыя медработнікі сярэдняга звяна з розных устаноў аховы здароўя раёна спаборнічалі за права звацца лепшымі. 
 
Як адзначыла галоўны ўрач Міёрскай ЦРБ Алена Сівая, у конкурсе кожны будзе пераможцам. Сапраўды, як могуць прайграць дабрыня, уважлівасць і клопат, важныя для медсястры не менш за прафесійныя веды і ўменні. Алена Фёдараўна павіншавала са святам удзельніц і гледачоў і адзначыла, што ад медсястры таксама ў многім залежаць выздараўленне, а часам і жыццё пацыентаў. 

Прафесіяналізмам і творчасцю мерыліся шэсць удзельніц—загадчык Ідолтаўскага ФАПа Юлія Дабіжа, фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Дзісенскай БСД Таццяна Ганебная, медсёстры хірургічнага аддзялення Анжэліка Рынкевіч і Анжэліка Альшаўскіс, медсястра тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі Міёрскай ЦРБ Надзея Развадоўская і фельчар-лабарант клінікі дыягнастычнай лабараторыі ЦРБ Алена Купава. Спаборніцтва праходзіла ў тры этапы: прадстаўленне партфоліа "Самая-самая ў прафесіі і дома", творчы нумар "Прафесія дабра і міласэрнасці" і іспыт на прафесійнае майстэрства ў выглядзе тэарэтычнага экзамену.

День медсестры в Миорской ЦРБУ ролі суддзяў выступалі галоўны ўрач ЦРБ Алена Сівая, яе намеснікі Святлана Бірукова і  Міхаіл Лысенка, загадчыца рэнтгеналагічнага кабінета Святлана Лапыр, загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Міраслава Кунцэвіч і галоўная медсястра Святлана Карпеза.
Яркі і запамінальны этап—творчы нумар. Па-рознаму падышлі ўдзельніцы да выступлення. Таццяна Ганебная і Анжэліка Рынкевіч чыталі вершы пра абраную душой прафесію. Да вершаваных радкоў звярнулася і Надзея Развадоўская. Яна расказвала пра медсясцёр на вайне, дзе ў дзясяткі разоў больш патрабавалася вынослівасці і смеласці, мужнасці і стойкасці, узнагарода за якія—выратаванае жыццё. Алена Купава выступіла з вершам уласнага сачынення, але не пра медыкаў. Падзялілася занатаванымі ў радках любоўю і пяшчотай да сваёй маці, па якой сумавала, калі ад'язджала вучыцца ў медыцынскі каледж. Юлія Дабіжа выступіла з лірычнай песняй, а Анжэліка Альшаўскіc пераўвасобілася ва ўсходнюю прыгажуню і парадавала танцам.

Як пазней прызналіся канкурсанткі, самым складаным аказаўся трэці этап. Нібы на экзамене цягнулі білеты з двума тэарэтычнымі пытаннямі і сітуацыйнай задачай, дзе патрабуецца аказаць хвораму неадкладную медыцынскую дапамогу. Падрыхтаваўшыся, адказвалі перад журы. Тэорыя і практыка знаёмыя, аднак не жадала адступаць хваляванне.

Нарэшце, усе іспыты за плячыма. Канкурсанткі і гледачы чакаюць журы з падлічанымі баламі і падпісанымі дыпломамі.
—Вельмі часта жыццё чалавека залежыць ад таго, што паспее зрабіць сярэдні медперсанал да прыходу ўрача. Таму медсёстрам заўсёды трэба быць сабранымі і дакладна ведаць, як дзейнічаць і якую дапамогу аказаць,—яшчэ раз падкрэсліла Алена Сівая, падводзячы вынікі конкурсу і дадала:"А ўвогуле мы атрымалі вялікае задавальненне ад мерапрыемства і выступлення ўдзельніц".

Спачатку назвалі пераможцаў у намінацыях. Так, за "Лепшае партфоліа" ўзнагароджана Таццяна Ганебная, "За крэатыўнасць і нетрадыцыйную падачу матэрыялу"  адзначана Алена Купава, "Самая фотагенічная"—Анжэліка Альшаўскіс, "Лепшае прадстаўленне прафесіі" ў Надзеі Развадоўскай, а "Лепшая рэклама прафесіі"  ў Анжэлікі Рынкевіч, "Прыз глядацкіх сімпатый" атрымала Юлія Дабіжа. У тройцы лідараў Алена Купава з трэцім месцам, на другім Надзея Развадоўская, а "золата" ў Таццяны Ганебнай. У дадатак да дыпломаў—кветкі і падарункі. Аднак самай важнай узнагародай для кожнага чалавека ў белым халаце было і застаецца здароўе пацыента.

Фота для ілюстрацыі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.