Здаровы лад жыцця — гэта спрыяльныя ўмовы жыццядзейнасці, узровень культуры і гігіенічных навыкаў, якія дазваляюць умацаваць і захаваць здароўе, а таксама папярэдзіць яго пагаршэнне.
Як вядома, харчовыя кампаненты з'яўляюцца цаглінкамі для пабудовы клетак нашага арганізма. Таму, каб даўжэй яго захаваць, харчавацца трэба правільна. Для гэтага неабходна:
-збалансаваць колькасць спажываемых калорый і тых, якія трацяцца, бо пры празмернай розніцы чалавек можа атлусцець;
-разнастаіць свой рацыён, каб была максімальная колькасць вітамінаў і мікраэлементаў;
-павялічыць спажыванне мяса, малака, рыбы, алею, садавіны і агародніны;
-менш есці рафініраваныя і высокаачышчаныя прадукты — цукар, кандытарскія вырабы, спрэд, а таксама кансерваваную прадукцыю, бо яна ўтрымлівае канцэрагены;
-спажываць прадукты, насычаныя вітамінамі і мінераламі.
Для павышэння ўзроўню здароўя ў любым узросце трэба актывізаваць аэробны шлях утварэння энергіі. Для гэтага рабіце наступнае:
-займайцеся фізічнымі практыкаваннямі пераважна на свежым паветры;
-захоўвайце рэгулярнасць трэніровак і дазіраванасць па часе, а нагрузку паступова павялічвайце;
-ні ў якім разе не перагружайце сябе.
Да прафілактыкі датэрміновага старэння можна аднесці правільнае збалансаванае і разнастайнае харчаванне, рухальную актыўнасць і псіхалагічныя асновы — пазітыўныя жыццёвыя ўстаноўкі, інтарэс да жыцця, працоўная дзейнасць, адсутнасць самаразбуральных паводзін; барацьба з алтусценнем, прыём некаторых медыцынскіх прэпаратаў — герапратэктараў.
Не менш важным складнікам здаровага жыцця з'яўляецца захаванне экалогіі свайго жылля. Трэба падтрымліваць аптымальны мікраклімат, своечасова рабіць вільготную ўборку ў пакоях, улічваць хуткасць руху паветра, звесці да мінімуму колькасць шкодных хімічных і біялагічных фактараў — шум, вібрацыю, ЭМП.
На агульны стан чалавека вельмі моцна ўплываюць перажытыя эмоцыі, фізічныя і разумовыя нагрузкі і іншае. Таму трэба час ад часу праводзіць прафілактыку псіхасаматычных станаў і захворванняў. Перастаньце вінаваціць у сваіх праблемах навакольны свет і вазьміце на сябе адказнасць за свае ўчынкі і здароўе. Адэкватна рэагуйце на эмоцыі. Паніжайце значнасць стрэсаў. Устанавіце эмацыянальны бар'ер паміж працай і домам. Знайдзіце на рабоце тое, што прыносіць задавальненне, і на гэтым засяродзьцеся. Змяніце погляд на жыццё: "Не павінна вас турбаваць тое, што думаюць іншыя, бо яны ўсё роўна што-небудзь падумаюць. Так што расслабцеся." П. Каэльа.
Галоўным правілам здаровага ладу жыцця трэба назваць адмову ад шкодных звычак.
Выконваючы пералічаныя правілы і парады, любы чалавек можа весці здаровы лад жыцця і ўмацоўваць сваё здароўе, папярэджваць развіццё розных захворванняў і нават павышаць тым самым свой сацыяльны статус.
Надзея ГРЭЦКАЯ, урач аддзялення
прафілактыкі Міёрскай ЦРБ.