Авторизация
 

Рак не любіць аптымістаўГэтага захворвання баіцца кожны чалавек. Нават ярка выражаныя прыкметы нездароўя не могуць прымусіць яго хутчэй звярнуцца да ўрача. Ён марудзіць, а значыць, не думае пра сябе, пра сваіх блізкіх, дзяцей...

Людзям, якія сутыкнуліся з дыягназам “рак”, не варта панікаваць, — упэўнівае ўрач-анколаг райпаліклінікі З. П. Бараноўская. — Цяпер гэта захворванне далёка не сінанімічнае смерці, праўда, пры ўмове, што яно выяўлена своечасова. Чым раней чалавек пройдзе ўсе неабходныя абследаванні і здасць аналізы, тым больш у яго шанцаў на выздараўленне. Больш паловы людзей, якія маюць у анамнезе анкалагічнае захворванне, жывуць пяць і больш гадоў. Зараз гэты рубеж пераадолелі 310 чалавек (50,7% ад усіх хворых). Яны вярнуліся да працы, выхоўваюць дзяцей, унукаў. Пра былое захворванне ім нагадвае неабходнасць прайсці чарговае прафілактычнае абследаванне. Перыядычны кантроль дапамагае папярэдзіць з’яўленне пухліны ў чарговы раз.

— Зоя Паўлаўна, як вядома, у рэспубліцы анкалагічных хворых з кожным годам более. Якая сітуацыя ў нашым раёне?
— Такая тэндэнцыя назіраецца і ў нас. Цяпер пад дыспансерным наглядам у райпаліклініцы знаходзіцца 612 чалавек. Калі летась за 9 месяцаў было зарэгістравана 75 новых хворых злаякаснымі новаўтварэннямі, сёлета за аналагічны перыяд — 83. 25,6% з іх выяўлены ў запушчанай стадыі. Сярод хворых прыкладна пароўну гараджан і вяскоўцаў. Крыху вышэй захворваемасць у Дзісенскай зоне, Павяцкім і Завуццеўскім сельсаветах, у Канцэраве. Сама назва вёскі быццам асуджае мясцовых жыхароў на захворваннне. “Канцэр” у перакладзе з латыні азначае “рак”.

— Якія віды злаякасных пухлін сустракаюцца часцей?
—Сумнае лідэрства належыць раку лёгкіх, на другім месцы па распаўсюджанасці—рак скуры. Тройку замыкаюць рак прастаты ў мужчын і рак малочнай залозы ў жанчын. Апошнім часам адзначаецца імклівы рост злаякасных пухлін нырак. Сёлета такі дыягназ устанавілі 7 пацыентам.

— Што робіцца для таго, каб знізіць захворваемасць анкалогіяй?
— Сёлета зацверджана дзяржаўная комплексная праграма прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння анкалагічных захворванняў на 2010-2014 гады, у рамках якой мы працуем. У яе закладзены прафілактычныя меры і скрынінгавыя мерапрыемствы, накіраваныя на своечасовае выяўленне і лячэнне перадракавых хвароб, папярэджанне развіцця рака, рэцыдываў і метастазаў. Да медыкаў асаблівыя патрабаванні, у той жа час толькі нашых намаганняў мала. Вельмі важна, каб самі людзі не даводзілі хваробу да крайняй запушчанасці, больш давяралі ўрачам і звярталіся за дапамогай без угаворванняў і прымусу. Таму нацэльвае праграма на шырокую асветніцкую дзейнасць. Ёсць спадзяванне, што змагацца з ракам дапамогуць акцыі, якія накіраваны на выяўленне злаякасных новаўтварэнняў на ранніх этапах.

— У апошні час усё часцей праводзяцца дні прафілактыкі рака малочных залоз. Ці адгукаюцца жанчыны на заклік упэўніцца ва ўласным здароўі?
— Такая ўвага да рака гэтай лакалізацыі невыпадковая. У рэспубліцы, так як і ў іншых развітых краінах свету, захоўваецца высокі рост захворваемасці злаякаснымі новаўтварэннямі малочных залоз. Яны займаюць першае месца сярод анкалагічных паталогій у жанчын, значна апярэдзіўшы рак палавых органаў. Ад сумнай статыстыкі не адстае і наш раён. Калі летась за 9 месяцаў было выяўлена 5 выпадкаў злаякасных пухлін грудзей, сёлета за аналагічны перыяд — 8, з якіх 3 у запушчанай форме (у мінулым годзе 1).

Падчас акцыі “Раку малочнай залозы — не!” праблемы са здароўем выяўлены ў 5 з 19 яе ўдзельніц. У чатырох дыягнаставаны перадпухлінныя захворванні, у адной — анкалагічная паталогія на пачатковай стадыі. Усе звароты своечасовыя, а значыць, поспех у лячэнні гарантаваны.

Аднак хацелася б, каб жанчыны больш актыўна адгукаліся на нашы заклікі паклапаціцца пра сябе. Добра вядома, што многія не ідуць да ўрача з-за боязі пачуць страшны дыягназ. Дарэмна, бо сярод новаўтварэнняў малочных залоз нямала дабраякасных. У гэтым разбярэцца ўрач. Толькі своечасовы зварот дазволіць паставіць правільны дыягназ і даць усе шанцы на поўнае выздараўленне.

Хто з жанчын не асмеліўся абследавацца раней, запрашаем завітаць да ўрачоў 14 снежня. У гэты дзень адбудзецца чарговая прафілактычная акцыя па папярэджанню рака малочнай залозы.

— У чым прычыны павышанай захворваемасці ракам грудзей: праблемы экалогіі, няправільны лад жыцця, стрэсы, дэпрэсіі ці штосьці яшчэ?
— Да пералічаных фактараў рызыкі трэба дадаць узрост. У асноўным рак малочных залоз выяўляецца пасля 50 гадоў. Аднак апошнім часам ён значна “памаладзеў”, таму сачыць за сваімі грудзямі павінны і маладыя дзяўчаты. Завесці небяспечны працэс у арганізме могуць гарманальныя парушэнні. Нярэдка ахвярамі хваробы становяцца жанчыны, якія не нараджалі, не кармілі дзіцяці грудзямі, словам, не выкарыстоўвалі тое, што закладзена ў арганізм самой прыродай. Вялікая роля спадчыннасці. Калі ў маці, сястры ці бабулі быў рак, рызыка займець аналагічны дыягназ павялічваецца. Дарэчы, мужчыны таксама могуць атрымліваць у спадчыну “дрэнныя” мутацыі, асабліва слабае месца ў такім выпадку прастата.

— Ці магчыма вызначыць спадчынны ген, які правакуе развіццё пухліны, у арганізме пакуль яшчэ здаровага чалавека?
— Зрабіць такі аналіз можа кожны, у каго блізкія хварэлі ракам, у інстытуце анкалогіі. Даследуецца кроў чалавека. У залежнасці ад вынікаў пацыент пастаянна назіраецца ва ўрача, прымае спецыяльныя прэпараты для прафілактыкі.

— Статыстыка сведчыць, што большасць хворых выяўляецца з ракам запушчанай формы. Але ж пухліна працяглы час не баліць. Як не прапусціць момант, калі будзе запускацца анкалагічны механізм?
— У першую чаргу трэба звяртаць увагу на бачныя воку і адчувальныя навобмацак новаўтварэнні. Павінны насцярожваць змяненні памеру ці шчыльнасці радзімкі, яе колеру, доўгачасовыя незажываючыя трэшчыны і язвачкі на скуры, на слізістых абалонках ротавай поласці, языку, дзёснах.

Прыслухвайцеся да свайго арганізма. Сігналам для трывогі павінна служыць павышаная стамляльнасць, рэзкае, беспрычыннае паніжэнне вагі цела, павелічэнне лімфатычных вузлоў, пастаяннае пяршэнне ў горле, падоўжанае адчуванне цяжкасці ў страўніку пасля ежы, прымесь крыві ў мачы і кале. Магчыма, гэта нельга аднесці да спецыфічных сімптомаў, якія ўласцівы толькі раку, але калі не звярнуць на іх увагу, можна ўпусціць пачатак грознай хваробы.

— Што Вы парэкамендуеце ў якасці прафілактыкі анкалагічных захворванняў?
— Па-першае, пільна і ўважліва ставіцца да ўласнага здароўя. Не варта забывацца пра медыцынскія агляды і рэгулярны скрынінг—абследаванне, якое праводзіцца нават без скаргаў на самаадчуванне. У прыватнасці, для прафілактыкі злаякасных новаўтварэнняў лёгкіх трэба рабіць флюараграфію. Для папярэджання рака прастаты кожнаму мужчыну пасля 40 рэкамендавана раз у год здаваць кроў з вены на ПСА (прастат-спецыфічны антыген). Гэта адзін з лепшых метадаў вызначэння хваробы на самай ранняй стадыі.

Жанчыны двойчы ў год павінны наведваць гінеколага. Паходжанне большасці выпадкаў захворваемасці ракам шыйкі маткі звязваюць цяпер з анкагеннымі папілома-вірусамі, якія перадаюцца палавым шляхам. Праяўляюць яны сябе не адразу, таму даюць магчымасць прафілактыкі і своечасовай дыягностыкі пухлін.
Пасля 35-ці гадоў жанчынам рэкамендавана раз у год праходзіць ультрагукавое даследаванне малочных залоз. Акрамя гэтага, прыглядацца да сваіх грудзей, займацца самаабследаваннем. Прыкмецілі нейкую анамалію—хутчэй звяртайцеся да ўрача.

Для паніжэння рызыкі захварэць ракам трэба выконваць агульнавядомыя рэкамендацыі: часцей бываць на свежым паветры, рацыянальна харчавацца. Абмяжоўваць ужыванне тлустай ежы, штодзень з’ядаць мінімум два фрукты і 200 грамаў свежай агародніны. Для ўмацавання імунітэту, пачынаючы з лістапада да мая, неабходна прымаць комплексныя полівітаміны. Не лішнім будзе пазбавіцца ад шкодных звычак. Ужо даўно ўстаноўлена сувязь паміж узнікненнем шэрагу пухлін і курэннем. Рак лёгкіх, ротавай поласці, горла, стрававода часцей за ўсё звязаны з ужываннем тытуню.

Па магчымасці пазбягайце стрэсаў і перажыванняў, часцей усміхайцеся. Медыцынская практыка сведчыць: рак баіцца аптымістаў. Нават калі здарылася захварэць, не варта падаць духам. Ад жыццярадасных пацыентаў хвароба адступае ўдвая хутчэй. Канешне, лячэнне патрабуе вялікіх намаганняў і сабранасці. Аднак верце ў сваё выздараўленне і ўсё атрымаецца.

Падрыхтавала Наталія КРУК.
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 7 мая 2021
Алексей, Валентин, Иннокентий, Иосиф, Леонтий, Николай, Сергей, Елизавета

Именины 6 мая 2021
Анатолий, Валерий, Георгий, Иван, Александра, Валерия, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта