СНІД — ён невылечны, але пазбегнуць яго трэба

У свеце больш 33 мільёнаў чалавек жывуць з вірусам імунадэфіцыту, а 6800 заражаюцца ім штодзённа. Калі небяспека трапіла ў арганізм, можа прайсці да 15 гадоў, перш чым праявяцца яўныя сімптомы хваробы. А без лячэння яна разрушае імунную сістэму і пераходзіць у канчатковую стадыю, якую называюць СНІДам, калі смяртэльнай становіцца любая інфекцыя. СНІД забірае ва ўсім свеце штодзённа жыцці 5700 чалавек.

Вылечыць ВІЧ-інфекцыю і СНІД немагчыма, адзінае ўратаванне—прафілактыка. Гэтая праблема закранула не толькі краіны Афрыкі, але і многія іншыя. Актуальная яна і для Беларусі, дзе зарэгістравана 11562 хворыя. Сёлета выяўлены 872 новыя выпадкі. Найбольш частыя яны на Гомельшчыне, у Мінску і вобласці. На Віцебшчыне зарэгістравана 586 выпадкаў, у тым ліку 2 у нашым раёне.

Пераважная колькасць інфіцыраваных—гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў, якія заразіліся пераважна пры ўнутрывенным увядзенні наркотыкаў. Апошнім часам хвароба інтэнсіўна перадаецца палавым шляхам.

Сярод ВІЧ-інфіцыраваных памерлі 2173 чалавекі, у тым ліку ў стадыі СНІДу—1124. Усе яны да апошняга моманту самі з’яўляліся крыніцай інфекцыі.
ВІЧ перадаецца ад чалавека да чалавека толькі пры выкарыстанні нестэрыльных іголак, шпрыцоў і раствораў для ін’екцый, пры ўліванні інфіцыраванай донарскай крыві, палавым шляхам і ад маці дзіцяці.

ВІЧ не перадаецца пры поціску рук, абдымках, пацалунках, кашлі ці чханні, выкарыстанні агульнага посуду ці пасцельнай бялізны; пры сумесным карыстанні ваннай, туалетам, басейнам; праз кантакты з жывёлай і ўкусы насякомых. Улічыце гэта, будзьце асцярожнымі.

А. ТАНКАВІД,
загадчыца аддзела эпідэміялогіі РЦГЭ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.