Ой, мороз, мороз...

Ой, мороз, мороз...
Напрамую папрасіць мароз быць менш "куслівым" можна толькі ў песні ці казцы
на самай справе патуранняў ад прыроды чакаць не прыходзіцца. Таму і абараняемся самастойна. У такім выпадку любому карысна будзе запомніць некалькі парад, якія не дазволяць канчаткова змерзнуць.

 

1. Добра ешце.

 

У халоднае надвор'е трэба памятаць, што ежа — гэта энергія, і большая яе частка (амаль 75%) патрэбна арганізму для абагрэву. Дарэчы, у моцныя маразы можна з'ядаць на 400 калорый больш. Памятайце, што гародніна — гэта добра, аднак мяса зімой патрэбна не менш. Калі будзеце ўжываць толькі лёгкую ежу, нібыта за акном лета, то можаце атрымаць сіндром хранічнай стомленасці.

Для тых, хто часта мерзне, карыснымі стануць "саграваючыя" прадукты: мяса, рыба, арэхі, бульба, сыр, гарбузы, бананы, вінаград.

 

2. Не ўжывайце алкаголь і не курыце.

 

Справа ў тым, што спіртныя напоі на холадзе саграваюць ненадоўга — іх эфект доўжыцца не больш за паўгадзіны. Памятайце — чым больш вы выпілі, тым больш замерзнеце. Калі хочаце сагрэцца — аддайце перавагу травяной гарбаце ці гарачаму шакаладу.

І яшчэ — не курыце, бо нікацін выклікае спазм дробных сасудаў і капіляраў, якія адказваюць за кровазабеспячэнне пальцаў рук, ног і носа.

 

3. Правільна дыхайце.

 

Нашы лёгкія таксама могуць саграваць. Навукоўцы высветлілі, што зімой патрэбна рабіць удыхі павольна — гэта супакойвае нервовую сістэму і дазваляе хутчэй прывыкнуць да холаду. Калі адчуваеце, што моцна замерзлі, скарыстайцеся наступнай хітрасцю: удыхайце праз дзве ноздры, а выдыхайце праз адну, папярэдне заціснуўшы другую.

 

4. Загартоўвайцеся.

 

Ніхто не прымушае вас скакаць у палонку. Загартоўвацца можна і дома. Пакладзіце мокры ручнік у маразілку на паўгадзіны, потым дастаньце і пахадзіце па ім некалькі хвілін. Пасля працэдуры адразу надзеньце цёплыя шкарпэткі. Калі рабіць такое загартоўванне кожны вечар, ногі прывыкнуць і стануць менш адчувальнымі да холаду.

 

5. Забудзьцеся на адзіноту.

 

Навукоўцы сцвярджаюць, што чалавек, які адчувае сябе адзінокім, мерзне больш. Існуе і адваротная сувязь: калі вы паглядзіце на фотаздымак каханага, сям'і або лепшага сябра, то адразу адчуеце прыліў цяпла. Таму абдымайцеся часцей — гэта дапамагае.

 

6. Не нервуйцеся.

 

Стрэс уздзейнічае на наш арганізм гэтак жа, як і мароз. Пры моцным эмацыйным узрушанні кроў адлівае ад канечнасцяў і "спяшаецца" да мозга, каб чалавек змог прыняць правільнае рашэнне. Таму калі холад і стрэс сустракаюцца, шанц замерзнуць павялічваецца ўдвая.

 

7. Запомніце на крайні выпадак.

 

Кажуць, што акцёры, каб не змерзнуць на зімовых здымках, наклейваюць на плечы гарчычны пластыр. Кроў хутка прылівае да паверхні скуры і дорыць адчуванне цяпла. Яшчэ адзін "уцяпляльнік" — папера. Калі вы ведаеце, што вам давядзецца доўга стаяць на вуліцы, пакладзіце ў абутак папяровыя вусцілкі — так вам будзе цяплей.

 

Падрыхтавала Арына БАРКОЎСКАЯ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.