Штогод многія з нас хварэюць прастудай і грыпам. Адно са сродкаў абароны ад іх—вакцынапрафілактыка. Гарантыя, што не напаткаеце хваробу пасля прышчэпкі—80%. Нават калі захварэеце, лёгка адолееце інфекцыю і пазбегнеце ўскладненняў.
Прышчэпку лепш рабіць да канца кастрычніка, калі пачынаецца эпідэмія прастуды і грыпу. Для выпрацоўкі імунітэту спатрэбіцца 2-3 тыдні. Калі потым вас атакуе сапраўдны вірус, арганізм здолее эфектыўна яму супрацьстаяць.
Вірус грыпу пастаянна муціруе. Таму анціцелы, якія застаюцца ў арганізме ад папярэдніх вакцынацый, супраць новых штамаў часта аказваюцца бездапаможнымі. Таму штогод ствараюцца больш эфектыўныя вакцыны.
У першую чаргу прышчэпкі неабходна рабіць тым, хто часта церпіць ад захворванняў дыхальнай сістэмы, а таксама пажылым і дзецям. Прытым чым меншае дзіця, тым больш складана яму змагацца з вірусам. Прышчэпкі пажадана зрабіць таксама будучым мамам.
Цяпер у раён паступіла інактыўная ачышчаная расшчэпленая (спліт) вакцына для прафілактыкі грыпу “Флюваксін”. Яна не ўтрымлівае прымесяў і жывых вірусаў, а таму не мае пабочных эфектаў. Выкарыстоўваецца для прафілактыкі ў дарослых і дзяцей старэй 6 месяцаў. Прышчэпкі робяць усе лячэбна-прафілактычныя ўстановы раёна.
Прышчэпку не трэба рабіць тым, у каго ёсць алергія на бялок курынага яйка ці на кансерванты вакцыны, а таксама пры вострых захворваннях ці абвастрэнні хранічных.
Пасля прышчэпкі ніякіх прыкмет хваробы чалавек не адчувае. У вельмі рэдкіх выпадках магчыма нязначнае павышэнне тэмпературы, агульнае недамаганне, адчуванне болю і пачырваненне ў месцы ўкола. І ўсё ж перад вакцынацыяй пракансультуйцеся з урачом.
Каб абараніць сябе ад грыпу і прастудных інфекцый, умацоўвайце імунітэт, спажывайце вітаміны, ешце садавіну і агародніну, піце травяныя чаі і настоі. Займайцеся спортам, не забывайце пра закальванне, сачыце за харчаваннем.
Л. ДУЛІНСКАЯ,
памочнік эпідэміёлага райЦГЭ.