Осторожно, клещи!

Осторожно, клещи! Нягледзячы на тое, што вясна ў гэтым годзе выдалася позняя, у лясах з'явіліся іксодавыя кляшчы. Летась яны былі ўжо ў 2-й дэкадзе сакавіка, сёлета на месяц пазней (у пачатку 2-й дэкады красавіка).

Іксодавыя кляшчы могуць быць пераносчыкамі 9 узбуджальнікаў інфекцыйных хвароб на тэрыторыі Беларусі, аднак штогод рэгіструюцца толькі 2 — клешчавы энцэфаліт і Лайм барэліёз.

 

Летась у краіне вірусным клешчавым энцэфалітам захварэла на 11,3% чалавек больш, чым у 2011 годзе, прычым у 30 выпадках заражэнне адбылося праз інфіцыраванае малако коз; працэнт захворвання Лайм барэліёзам вырас на 2,7.

У раёне колькасць асоб, якія пацярпелі ад укусаў лясных кляшчоў летась, знізілася на 9%. У медыцынскія ўстановы звярнуліся 86 чалавек, з іх 16 яшчэ не дасягнулі 17-гадовага ўзросту, за 2011 год — 95 (26). У 2011-2012 гг. выпадкаў захворвання клешчавым энцэфалітам у раёне не зарэгістравана, а летась быў 1 з хваробай Лайма, у 2011 — 2. У 2012 годзе ў лабараторыю для даследавання на заражонасць барэліямі накіраваны 34 кляшчы, якіх знялі з людзей, 3 асобіны аказаліся заразнымі.

 

Пачынаючы з вясны і аж да позняй восені існуе магчымасць заражэння чалавека клешчавымі інфекцыямі. Таму, каб засцерагчы сябе, выконвайце наступныя правілы:

-неабходна апранацца так, каб не даць кляшчам трапіць пад адзенне. Штаны павінны быць запраўлены ў боты, шкарпэткі — са шчыльнай рызінкай. Верхняе адзенне запраўляйце ў штаны, манжэты рукавоў аблягаюць руку. Пажадана, каб на каўнеры кашулі не было засцёжкі, або знаходзілася "маланка". Валасы пакрывайце шапкай або хусткай;

 

-рэгулярна аглядайце сябе самі або даверце гэта спадарожніку, каб выявіць кляшчоў (праз 1-2 гадзіны) і абавязкова зрабіце гэта пасля вяртання з лесу;

-карыстайцеся акарыцыдна-рэпелентнымі сродкамі;

-для стаянкі або начлегу ў лесе лепш выбраць сухія сасоннікі з пясчанай глебай або ўчасткі, дзе няма травы;

-не заносьце ў памяшканне сарваныя кветкі, галінкі, верхняе адзенне, паляўнічыя трафеі, на якіх могуць аказацца кляшчы;

-аглядайце хатнюю жывёлу, якая знаходзілася з вамі на прагулцы, кляшчоў здымайце пінцэтам або спецыяльным прыстасаваннем;

 

-кляшча, які прысмактаўся да цела, адразу трэба выдаліць, ранку прадэзінфікаваць растворам ёду, а калі вернецеся дадому, звярнуцца ў медустанову, каб даведацца пра прафілактыку. Кляшча захоўваюць у шчыльна закрытым флаконе для выяўлення яго інфіцыраванасці;

-заражэнне чалавека клешчавым энцэфалітам магчыма і пры спажыванні сырога казінага малака, таму яго трэба кіпяціць.

Даследаванне на заражонасць барэліямі іксодавых кляшчоў праводзіцца ў ДУ "Віцебскі занальны ЦГЭ", г. Віцебск, вул. Жасткова, 25. Кошт працэдуры-28620 руб.

 

Захоўвайце прыведзеныя правілы, і вы абароніце сябе і блізкіх ад клешчавых інфекцый!

 

Р. МАЛІНОЎСКІ,

галоўны санітарны ўрач раёна;

А. ТАНКАВІД,

загадчыца аддзела эпідэміялогіі.

 


0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.