Остерегайтесь кори
gazeta 28-09-2012, 15:27 28 930 Здароўе
Адзёр (на рус. мове — корь) — вострае інфекцыйнае віруснае захворванне, якое характарызуецца высокай тэмпературай (да 40,5 градусаў), запаленнем слізістых абалонак роту і верхніх дыхальных шляхоў, кан’юктывітам і характэрным пляміста-папулёзным сыпам на скуры, агульнай інтаксікацыяй.
Вірус малаўстойлівы ў знешнім асяроддзі. Аднак вядомы выпадкі яго распаўсюджвання на значныя адлегласці з паветрам па вентыляцыйнай сістэме — у халодную пару года ў адным асобна ўзятым будынку.
Перадаецца вірус паветрана-кроплевым шляхам, калі выдзяляецца ў знешняе асяроддзе хворым чалавекам са сліззю ў час кашлю, пры чханні і г.д.
Хворы адзёрам у любой форме заразны для тых, хто знаходзіцца побач з ім, з апошніх дзён інкубацыйнага перыяду (апошнія 2 дні) да 4-га дня высыпанняў, а з 5-га дня небяспека знікае.
Адзёрам хварэюць пераважна дзеці ва ўзросце 2-5 гадоў і значна радзей дарослыя, якія не перанеслі гэтае захворванне ў дзяцінстве. Немаўляты маюць імунітэт, перададзены ім ад маці, калі тая хварэла раней, захоўваецца ён першыя тры месяцы жыцця.Сустракаюцца выпадкі прыроджанага адзёру.
Пасля захворвання развіваецца ўстойлівы імунітэт, паўторна хварэць адзёрам чалавек, без спадарожнічаючай паталогіі імуннай сістэмы, магчыма, і не будзе, хаця здараюцца і такія выпадкі. Ён характэрны для зімова-вясенняга (снежань-май) перыяду з пад’ёмам захворваемасці кожныя 2-4 гады.
Цяпер у краінах, дзе праводзіцца татальная вакцынацыя супраць хваробы, захворванне сустракаецца ў выглядзе адзінкавых выпадкаў або міні-эпідэмій.
Інкубацыйны перыяд доўжыцца 8-14 дзён (рэдка да 17). Востры пачатак — тэмпература да 38-40 градусаў, сухі кашаль, насмарк, святлабоязь, чханне, сіпатасць, галаўны боль, ацёк павекаў і пачырваненне кан’юктывы, чырвоныя плямы на цвёрдым і мяккім паднябенні. На 2-гі дзень на слізістай шчок ля карэнных зубоў з’яўляюцца дробныя бялёсыя плямкі, акружаныя вузкай чырвонай каймой. Сып (экзантэма) на 4-5 дзень пакрывае спачатку твар, шыю, скуру за вушамі, на наступны дзень тулава і на 3-ці — месцы разгібання рук і ног, пальцы. З 4-га дня высыпанняў тэмпература нармалізуецца, сып цямнее, лушчыцца. Пігментацыя захоўваецца тыдзень ці паўтара.
Пры адзёры магчымы ўскладненні (ларынгіт, сцяноз гартані, трахеябранхіт, атыт, першасная адзёравая пнеўманія, другасная бактэрыяльная пнеўманія, адзёравы энцэфаліт, гепатыт, лімфадэніт, мізентэральны лімфадэніт і іншае).
Прэпаратаў для спецыфічнага лячэння адзёру не распрацавана. Выкарыстоўваюцца адхарквальныя сродкі, мукалітыкі, супрацьзапаленчыя аэразолі для палёгкі запаленчых працэсаў дыхальных шляхоў. У выпадку развіцця пнеўманіі або іншых бактэрыяльных ускладненняў пры адзёры назначаюцца антыбіётыкі.
З мэтай стварэння актыўнага імунітэту праводзіцца планавая прафілактыка вакцынай у адпаведнасці з каляндаром прышчэпак, а таксама дзецям і дарослым пры адсутнасці ў іх супрацьадзёравых антыцел.
У канцы мінулага года і пачатку гэтага адзначаны рост выпадкаў захворвання адзёрам у краінах бліжняга замежжа, зарэгістраваны ён і ў нашай рэспубліцы.
Л. ЛАГУНЁНАК,
урач-педыятр ЦРП.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.