Стоп-стресс

У сучасным жыцці многія не даюць сабе адпачыць і пастаянна знаходзяцца ў стане цэйтноту. Такія нагрузкі на арганізм не праходзяць непрыкметна. Стрэсы, неўрозы, дэпрэсіі становяцца частай з’явай. Таму для барацьбы з імі будуць карыснымі навыкі канструкцыйнага вырашэння праблем і пераадолення негатыўных эмоцый.

 

Канцэнтруючыся на адмоўных думках і пачуццях, мы даём магчымасць стрэсу завалодаць намі. І наадварот, уменне прымаць удары лёсу, звычка думаць пазітыўна, гумар дапамогуць яго пазбегнуць. Мы павінны імкнуцца да разнастайнасці сваіх інтарэсаў і захапленняў, яны прыносяць не толькі асалоду і гордасць за свае дасягненні, але і не даюць патануць у негатыўных эмоцыях.

 

Стрэсавая сітуацыя часта ўзнікае таму, што ўступаем у зносіны з рознымі людзьмі, не маючы адпаведных навыкаў. Калі мы можам падзяліцца з блізкім чалавекам набалелым, гатовыя ісці на кампраміс, умеем дараваць самі, будзе мала шанцаў перажыць стрэс ад узаемаадносін з іншымі людзьмі.

 

Фізічнае здароўе ўплывае на псіхічнае і павялічвае здольнасць справіцца са стрэсам. Той, хто хоць раз атрымліваў задавальненне ад спартыўных практыкаванняў, адчуваў радасць і самапавагу, блізкія да эйфарыі. Даследчыкі мяркуюць, што такі эфект выкліканы выдзяленнем у мозг эндарфінаў. Гэта можа вывесці з дэпрэсіі. Рэгулярныя практыкаванні ўмацоўваюць сэрца і сасудзістую сістэму, развіваюць лёгкія. Фізічныя трэніроўкі павышаюць тонус мышц і зніжаюць мышачныя болі. 10 хвілін практыкаванняў дазволяць лягчэй супрацьстаяць стрэсу.

 

Рэлаксацыя і аўтатрэнінг дапамогуць арганізму зняць напружанне і зменшыць фізічнае ўзбуджэнне, умацаваць пачуццё ўпэўненасці ў сабе (“Я самая абаяльная і прывабная…”). Мышачная рэлаксацыя памяншае рызыку сардэчных захворванняў, станоўча ўплывае на імунную сістэму.

 

Не бойцеся зменшыць колькасць спраў і больш адпачываць. Калі хатнія адолелі, папрасіце дапамогі ў старэйшых або старайцеся больш рацыянальна выкарыстоўваць час. Не можаце паўплываць на чалавека, які пастаянна стварае ў вашым жыцці стрэсавыя сітуацыі? Абмяжуйце або поўнасцю перарвіце адносіны з ім.

 

Фактары знешняга асяродку — спёка, вільготнасць, беспарадак, шум, натоўп — павялічваюць пачуццё ўнутранага напружання, зніжаюць псіхічную ўстойлівасць. Людзі, якія працуюць на шумных вытворчасцях або жывуць паблізу ад ажыўленых дарог, пастаянна знаходзяцца ў стане напружання. Гараджане часцей скардзяцца на з’яўленне сімптомаў стрэсу, чым сельскія жыхары.

 

Стрэс — ахоўная рэакцыя арганізма, таму поўнасцю пазбавіцца ад яго нельга. Прычыны ў кожнага розныя, таму і метады барацьбы трэба шукаць індывідуальна. Галоўнае—не плысці па цячэнні, аддаючыся волі лёсу. Супрацьпастаўце стрэсу сілу духу і пачуццё гумару.

 

А на заканчэнне — выпадак з гісторыі. Аднойчы цар Саламон паскардзіўся прыдворнаму мудрацу, што многае раздражняе яго і выводзіць з душэўнай раўнавагі. Той даў Саламону кальцо, на якім была фраза “Усё пройдзе”. Заўсёды, выходзячы з сябе, цар чытаў надпіс і супакойваўся. Але аднойчы злосць перапоўніла яго душу і ён кінуў кальцо. На адваротным баку бліснуў надпіс “І гэта таксама пройдзе”. Цар задумаўся і астыў. Больш ён не раставаўся з кальцом.

 

Памятайце, што ўсё ў нашым жыцці праходзіць, у тым ліку і непрыемнасці. У самай чорнай паласе можна знайсці пазітыўныя адценні. Не забывайцеся пра маленькія радасці, спадзявайцеся на лепшае і будзьце аптымістамі.

 

А. ФЕДАРЭЦ,

псіхолаг ТЦСАН.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.