О вирусе гриппа рассказала специалист РЦГЭ Ирина Гильнич

 Хутка распаўсюджваецца, не лечыцца антыбіётыкамі, баіцца высокіх тэмператур. Пра вірус грыпу расказала наведвальнікам і супрацоўнікам аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра спецыяліст РЦГЭ Ірына Гільніч.

Захварэць на грып можа кожны, падкрэсліла спецыяліст. Прывяла прыклады пандэмій, што забіралі жыцці вялікай колькасці людзей. Ад «іспанкі», ахвярамі якой у 1918-1920 гадах па розных ацэнках сталі ад 50 да 100 мільёнаў чалавек, да свінога грыпу, ад якога ў 2009-2010-х гг., згодна з падлікамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, памерла ад 150 да 575 тысяч жыхароў планеты.

Як заўважыла Ірына Гільніч, вірус грыпу падзяляюць на тры групы – А, В, С. Успышкі захворванняў выклікаюць першыя дзве, трэцяя сустракаецца радзей. У групе рызыкі дзеці ва ўзросце ад шасці месяцаў да трох гадоў, цяжарныя, людзі з хранічнымі захворваннямі і ва ўзросце 65+, а таксама медработнікі. 

Хуткае распаўсюджванне інфекцыі абумоўлена паветрана-кропельным шляхам перадачы. Вірус вызначаецца высокай устойлівасцю, адзначыла спецыяліст. Да некалькіх сутак жыве ў сухім паветры, таму важныя праветрыванне і вільготная ўборка. На паперы вірус грыпу захоўваецца да 12 гадзін, на скуры – да 15, на метале і пластмасе – да двух сутак. На тканіне – да 11 дзён, таму хвораму замест насовак лепш карыстацца аднаразовымі папяровымі сурвэткамі.  

Небяспечнасць грыпу ў высокай верагоднасці ўскладненняў – пнеўманій, паражэнняў нырак, печані, нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм. Як правіла, абвастраюцца хранічныя захворванні. 

Займаючыся самалячэннем, некаторыя прымяняюць антыбіётыкі. Гэта памылка, падкрэсліла Ірына Гільніч. Дапамогуць супрацьвірусныя прэпараты, якія прызначыў урач. Прыняць іх пажадана ў першыя 48 гадзін пасля заражэння. 

Нагадала спецыяліст РЦГЭ спосабы прафілактыкі: менш часу праводзіць у месцах масавага знаходжання людзей, сачыць за чысцінёй рук, рэгулярна праветрываць памяшканні і праводзіць вільготную ўборку, уключыць у меню прадукты з высокім утрыманнем вітаміна С. Самым надзейным сродкам назвала вакцынацыю. У мінулым сезоне 97 % захварэлых на грып не былі вакцыніраваны. Рабіць прышчэпку трэба штогод, паколькі імунітэт захоўваецца ад шасці да 12 месяцаў. У выпадку заражэння хвароба працякае ў лёгкай форме і без ускладненняў.

Для ўдзельнікаў круглага стала Ірына Гільніч падрыхтавала інтэрактыў, падчас якога замацавалі тэорыю на практыцы. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий