О разновидностях и вариантах противодействия насилия, а также связанные с этим явлением мифы рассказала психолог Миорского социально-педагогического центра Зинаида Равецкая
gazeta 26-11-2024, 11:20 1 177 ЗдароўеРядом с близкими опасно, если в семье имеет место насилие. О его разновидности и варианты противодействия, а также связанные с этим явлением мифы беседуем с психологом районного социально-педагогического центра Зинаидой Равецкой.
Побач з блізкімі небяспечна, калі ў сям’і мае месца гвалт. Пра яго разнавіднасці і варыянты супрацьдзеяння, а таксама звязаныя з гэтай з’явай міфы гутарым з псіхолагам раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Зінаідай Равецкай.
– Хатні гвалт – наўмыснае прымяненне фізічнай сілы, дзеянняў сексуальнага характару, псіхалагічнага ціску, фінансавага кантролю адным членам сям’і ў адносінах да іншага, вынікам чаго з’яўляюцца рознага роду траўмы, – тлумачыць Зінаіда Феафанаўна. – Больш за 50 % жанчын сутыкаюцца з гвалтам у сям’і. Нярэдка ахвярамі агрэсіўных паводзін дарослых становяцца непаўналетнія дзеці. Што да мужчын, толькі 5 % зведвалі гвалт у адносінах да сябе.
ФАКТ
У 95 % выпадкаў, калі гвалт меў месца, ён паўтарыцца.
Іншых крыўдзіць той, хто сам пакрыўджаны. Гэта так, калі мець на ўвазе хатніх тыранаў? Дзе шукаць прычыны сямейнага гвалту?
– Яны навідавоку. Злоўжыванне алкаголем, наркаманія, нізкі адукацыйны і культурны ўзровень. Культ жорсткасці, які мае месца ў грамадстве. Сцэны гвалту, якіх мноства ў Інтэрнэце і на тэлебачанні. Яшчэ жывы стэрэатып «б'е – значыць, кахае». Нярэдка дзіця пераймае мадэль паводзін бацькоў – лаянкі, бойкі, жорсткасць, адсутнасць павагі адзін да аднаго – і ў дарослым жыцці становіцца агрэсарам у сваёй сям’і.
Гвалт адразу выклікае асацыяцыі з фізічным уздзеяннем. Аднак гэта толькі адна з яго праяў. Нагадайце падрабязней пра віды гвалту?
– Фізічны гвалт мае на ўвазе не толькі пабоі і цялесныя пашкоджанні. Сюды адносяцца штурханні, плескачы (рус. шлепки), аплявухі. Сексуальны гвалт мае месца, калі чалавека сілай, пагрозамі або падманам насуперак яго жаданню схіляюць да якойсьці формы сексуальных адносін. Абразы, запалохванне, пагрозы, шантаж, поўны кантроль – праяўленні псіхалагічнага гвалту. Пад эканамічным падразумяваецца забарона вучыцца або працаваць, пазбаўленне фінансавай падтрымкі, татальны кантроль над расходамі. Яшчэ адзін від гвалту – грэбаванне патрэбамі чалавека ў ежы і піцці, у чыстым адзенні і сродках асабістай гігіены, бяспечным і зручным жылым памяшканні, у медыцынскім абслугоўванні.
Пералічваючы прычыны гвалту ў сям’і, заўважылі пра актуальны да цяперашняга часу стэрэатып «б'е – значыць, кахае». Якія яшчэ міфы пра гвалт пануюць у сучасным грамадстве?
– Міф № 1. Хатні гвалт сёння рэдкасць.
Між тым гвалт у сям’і зай- мае адно з першых месцаў сярод злачынстваў супраць асобы.
Міф № 2. Сваркі ў сям’і былі, ёсць і будуць, гэта нармальна.
Так, сваркі і канфлікты час ад часу здараюцца, а гвалту характэрны цыклічнасць і інтэнсіўнасць.
Міф № 3. Агрэсар у сям’і – няўдачнік па жыцці.
Аднак гвалт дома ўчыняюць і людзі з высокім становішчам у грамадстве.
Міф № 4. Ахвяра прываблівае тырана.
У сем’ях, дзе гвалт практыкуюць у якасці метаду выхавання, дзіця становіцца заложнікам мадэлі паводзін бацькоў, чыю волю яму навязваюць.
Міф № 5. Сям’ю, дзе пануе гвалт, можна пакінуць. Насамрэч гэта няпроста. Для многіх сям’я – важны спосаб самарэалізацыі. Не адпускае адказнасць за блізкіх.
Міф № 6. Прычына гвалту ў алкаголі.
Між тым сярод сямейных агрэсараў нямала такіх, хто ўвогуле не ўжывае спіртныя напоі.
Шчасце любіць цішыню. Маўчым і пра няшчасці. Як трэба паводзіць сябе ахвярам сямейнага гвалту.
– Нярэдка яны не ведаюць, што рабіць, і працягваюць цярпець здзекі. Трэба звяртацца па дапамогу. У крытычнай сітуацыі неабходна хутка пакінуць жыллё. Калі гэта немагчыма, пастарацца заперціся ў якімсьці пакоі і выклікаць міліцыю або патэлефанаваць і паклікаць на дапамогу сяброў. Загадзя папрасіць суседзяў, якім давяраеце, набраць 102, калі пачуюць крыкі з вашай кватэры. У медустанове трэба зафіксаваць нанесеныя пабоі.
У ТЭМУ
Яшчэ адна разнавіднасць гвалту – булінг (цкаванне) – сустракаецца ў школе. Найбольшы працэнт адзначаецца ў асяродку дзяцей ад васьмі да 15 – 16 гадоў.
Ролі іграюць
У булінгу вылучаюць тры асноўныя ролі: агрэсар, назіральнікі і ахвяра.
Агрэсарамі нярэдка выступаюць дзеці, якія пастаянна назіраюць агрэсію ў сваёй сям’і: п’яны тата б’е маці, маці крычыць на хворую бабулю і да т. п. Аднак ініцыятарамі булінгу могуць быць дзеці з нармальнай самаацэнкай і без праблем у сям’і, якія перажываюць уласныя непрыемнасці.
Асаблівае месца займаюць дзеці, якія сутыкнуліся з мацярынскай дэпрывацыяй (адсутнасць клопату пра дзіця). Не атрымаўшы цеплыні, любові і прыняцця ў раннім узросце, яны лічаць людзей навокал небяспечнымі і варожа настроены да ўсяго свету.
Наступствы для ахвяры
v Цяжкасці ў вучобе, немагчымасць засяродзіцца з-за пастаяннага стрэсу.
v Пропускі заняткаў: ісці ў школу страшна, знаходзіцца там невыносна.
v Устойлівая заніжаная самаацэнка, адсутнасць веры ў свае сілы, успрыняцце сябе «не такім, як трэба».
v Трывожныя і дэпрэсіўныя расстройствы, у тым ліку ў цяжкіх формах, псіхасаматычныя захворванні.
v Складанасці ў стасунках, устанаўленні і падтрымцы сацыяльных сувязяў, якія будуць заставацца пасля школы. Часам праблема вырашаецца толькі з дапамогай псіхатэрапеўта.
v Суіцыдальныя думкі і спробы ў ахвяр булінгу адзначаюцца ў пяць разоў часцей, чым у іншых школьнікаў.
Алгарытм дзеянняў для бацькоў
Падтрымлівайце з дзецьмі даверлівыя адносіны, каб яны маглі звярнуцца да вас за падтрымкай і дапамогай.
Прыміце да ўвагі наступныя фразы:
«я табе веру». Дзіця зразумее, што разам вы справіцеся з праблемай;
«мне шкада, што з табой гэта здарылася». Гэта сігнал, што вы падзяляеце яго пачуцці;
«гэта не твая віна». Пакажыце дзіцяці, што ў гэтай сітуацыі яно не адзінокае, многія яго равеснікі сустракаліся з запалохваннем і агрэсіяй;
«добра, што ты мне пра гэта сказаў». Дайце зразумець, што дзіця правільна зрабіла, звярнуўшыся да вас;
«я люблю цябе і пастараюся зрабіць так, каб табе больш не пагражала небяспека». Гэта дазволіць дзіцяці адчуць абарону і з надзеяй глядзець наперад.
Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота з архіва рэдакцыі і для ілюстрацыі.