З пачатку года ў Беларусі зарэгістравана 15 выпадкаў адзёру
gazeta 24-05-2023, 09:28 272 Здароўе
З пачатку года ў Беларусі зарэгістравана 15 лабараторна пацверджаных выпадкаў адзёру (рус. корь). Гэта высоказаразнае інфекцыйнае захворванне, вірус якога перадаецца ад хворага да здаровага чалавека пры размове, кашлі, чханні. Амаль у 100 % выпадкаў не абароненыя супраць адзёру людзі ўспрымальныя да інфекцыі.
Захворванне пачынаецца з павышэння тэмпературы цела да 39-40 градусаў, з’яўлення насмарку, кашлю, чхання і святлабоязі. На слізістай роту і скуры праяўляецца сып. У дзяцей да года адзёр працякае асабліва цяжка: паражаюцца ўнутраныя органы – печань і селязёнка, нярэдка ўзнікаюць ускладненні, у іх ліку паражэнні мозгу – энцэфаліт, менінгаэнцэфаліт, лёгкіх – пнеўманіі, а таксама органаў слыху. Інкубацыйны перыяд – ад васьмі да 17 дзён, можа падаўжацца да 21 дня.
Для імунізацыі малых супраць адзёру выкарыстоўваюцца камбінаваныя вакцыны, якія ўтрымліваюць штамы вірусаў. У асобных сітуацыях могуць прымяняцца монавакцыны з адным штамам. Усе яны бяспечныя. З сотні прышчэпленых у 98 чалавек фарміруецца надзейная абарона ад інфекцыі на тэрмін 25 і больш гадоў.
Курс імунізацыі складаецца з аднаразовай вакцынацыі і рэвакцынацыі.Першую дозу праводзяць ва ўзросце 12 месяцаў, другую – у шэсць гадоў.
Калі падазраяце адзёр – адразу выклікайце ўрача і да ўстанаўлення нармальнай тэмпературы цела забяспечце пацыенту ложкавы рэжым і спакой. Сістэматычна праветрывайце памяшканне – пажадана светлае і чыстае, з тэмпературай не вышэй за 18-20 градусаў, праводзьце вільготную ўборку, выкарыстоўвайце бактэрыцыдную лямпу для абеззаражвання паветра. Захоўвайце правілы асабістай гігіены. Збалансавана харчуйцеся, абагачайце рацыён вітамінамі і мікраэлементамі, займайцеся спортам, загартоўвайцеся.
!!! Каб папярэдзіць хваробу, за членамі сям’і, дзе быў хворы, усталёўваецца медыцынскае назіранне на працягу 17 дзён.
Пры выяўленні першых сімптомаў – насмарку, кан’юнктывіту, кашлю і сыпу – неабходна тэрмінова звярнуцца да ўрача. Пры выездзе за мяжу абавязкова ўдакладніць звесткі пра вакцынацыю супраць адзёру. Калі іх няма – варта зрабіць прышчэпку. Ды і ўвогуле, калі не ведаеце, ці вакцынавалі вас – найлепш правесці працэдуру.
Алена ТАНКАВІД,
урач-эпідэміёлаг (загадчык аддзела) РЦГЭ.
Фота для ілюстрацыі.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.