Да сусветнага Дня барацьбы з туберкулёзам

Хвароба адступае

На працягу апошніх гадоў эпідэмічная сітуацыя па туберкулёзе ў Беларусі застаецца стабільнай. Летась паказчык захворваемасці склаў 18,1 на 100 тысяч насельніцтва, у Віцебскай вобласці – 18,5.

Туберкулёз – гэта хранічнае інфекцыйнае захворванне, якое выклікаюць мікабактэрыі туберкулёзу з пэўнымі фазамі развіцця. У 90-95 % выпадкаў змяненні лакалізуюцца ў органах дыхання, але ад гэтага не застрахаваны і іншыя. Хвароба паражае перыферычныя лімфавузлы, скуру, вочы, касцёва-сустаўную, мочапалавую і нервовую сістэмы, страўнікава-кішэчны тракт і інш.

Летась у Міёрскім раёне ў параўнанні з 2021 годам дабавіўся адзін выпадак – усяго іх два або 10,89 на 100 тысяч насельніцтва, летась – 5,34.

У лік задач Дзяржпраграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гг.» уваходзяць папярэджанне туберкулёзу і смерці ад яго, удасканаленне дыягностыкі і лячэння хваробы, а таксама забеспячэнне якасным лячэннем пацыентаў з множнымі лекава ўстойлівымі формамі туберкулёзу.

Алена ТАНКАВІД,
урач-эпідэміёлаг (загадчык аддзела)
санітарна-эпідэміялагічнага аддзела РЦГЭ.

 Меры прафілактыкі 

Хворы актыўнай формай туберкулёзу лёгкіх з’яўляецца крыніцай заражэння. Пры кашлі, размове, чханні людзі выдзяляюць у паветра вялікую колькасць бактэрый, якія могуць доўгі час заставацца ў памяшканні і пранікаць у арганізм здаровага чалавека. Хворы без адпаведнага лячэння штогод можа заразіць у сярэднім 10-15 чалавек.

Верагоднасць захварэць на актыўны туберкулёз у здаровага чалавека, які атрымаў палачку Коха, складае каля 5-10 % на працягу жыцця. Узнікае хвароба не адразу: ад моманту заражэння да яе развіцця можа прайсці ад пары дзён да некалькіх месяцаў.

Развіццю туберкулёзу спрыяюць непаўнацэннае харчаванне, спажыванне таксічных прадуктаў – тытуню, алкаголю, наркотыкаў, а таксама нездавальняючыя ўмовы працы і быту, некаторыя хранічныя захворванні.

Першыя сімптомы – доўгі кашаль – сухі або з вы- дзяленнем макроты, страта апетыту, зніжэнне масы цела, агульная слабасць, патлівасць, асабліва па начах, перыядычнае павышэнне тэмпературы цела. Аднак часта туберкулёз не праяўляе сябе на ранніх стадыях. Пры яўных прыкметах ён можа ўжо развівацца, а без своечасовага і якаснага лячэння магчыма смерць.

Найлепшай прафілактыкай стане штогадовы мед- агляд з флюараграфічным даследаваннем, а таксама падтрыманне здаровага ладу жыцця, фізічная актыўнасць, прагулкі на свежым паветры. Нованароджаным дзецям ставяць прышчэпку БЦЖ.

Калі ў вас дома хворы на туберкулёз, важна папярэдзіць заражэнне астатніх членаў сям’і. Па магчымасці трэба выдзеліць яму асобныя пакой, ложак, посуд і ручнік. Неабходна некалькі разоў на дзень праветрываць памяшканне, сістэматычна праводзіць вільготную ўборку, не радзей чым раз на месяц – генеральную мыльна-шчолачным растворам. Важна навучыць хворага карыстацца плявальніцамі для збору макроты і абеззаражваць іх.

Ведаць меры прафілактыкі павінен кожны, бо гэта дапаможа пазбегнуць хваробы або спыніць яе развіццё.

Крысціна ЧАРНЯЎСКАЯ,
урач-фтызіятр ЦРБ.

Фота для ілюстраціі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.