Будьте осторожны: гололед!

 На вуліцы зіма, спорна церушыць сняжок. Ноччу падмарожвае, днём слупок тэрмометра цягнецца бліжэй да нуля. Пры перападах тэмпературы ў пешых зонах і на дарогах утвараецца небяспечная галаледзіца. Проста ідэальныя ўмовы для траўм. Мы спяшаемся, няўважлівыя, тут і насцігае няшчасце.


Згодна статыстыцы, вулічны траўматызм павялічваецца ў зімовы перыяд амаль у тры разы. Асноўная колькасць пацярпелых, да 80 % – гэта людзі працаздольнага ўзросту. Найбольш частыя сярод галалёдных траўм – пераломы прамянёвай косці, шчыкалатак і ключыцы, удары плечавай косці, пераломы касцей галёнкі і пашкоджанне звязкавага апарата галёнкаступнёвага і каленнага суставаў. Пажылыя людзі з-за ўзроставых асаблівасцей шкілета нават пры мінімальным падзенні нярэдка атрымліваюць сур’ёзныя пашкоджанні. Часцей за ўсё ламаюць шыйку бядра ці сцегнавую косць. Траўмы галавы – страсенне мозгу, удар, пералом касцей чэрапа – самыя складаныя для людзей у любым узросце.


З 21 лістапада, калі ў нашым раёне наступіў траўманебяспечны перыяд, у райпаліклініку і ў прыёмнае аддзяленне Міёрскай ЦРБ па часці траўматалогіі звярнулася 16 чалавек, з якіх шэсць дзяцей. Пацыенты атрымалі амбулаторную дапамогу, у шпіталізацыі не мелі патрэбу.


У цэлым сітуацыя нядрэнная, канстатуюць нашы медыкі. Аднак самазаспакойвацца нельга. У час снегападаў асноўныя сілы камунальнай службы сканцэнтраваны на цэнтральных вуліцах, на пешаходных дарожках снег нарастае. Пры ваганні тэмператур утвараецца наст.


Урач-траўматолаг Міёрскай ЦРБ Сяргей Машэй нагадаў, што хадзіць зімой пажадана няспешна, міні-крокамі, нібы шаркаючы. Асабліва пажылым. Ім у дарогу трэба пускацца з кіёчкам. У перыяд галалёду найлепш адкласці свае планы і заставацца дома.


Для ўсіх важна правільна падабраць зімовы абутак. Падыдзе на плоскай падэшве ці з квадратным абцасам мінімальнай вышыні. Добра, калі яна гумовая, рыфлёная ці з тэрмапласта (пратэктар з поліурэтана на галаледзіцы мацней слізгае). Каб не змяшчаць цэнтр раўнавагі, не варта насіць сумкі на плячы.


Калі ўсё ж паслізнуліся і падаеце – пастарайцеся згрупавацца, прыцягніце падбародак да грудзей, прыцісніце локці па баках, кісці рук – да жывата. Нельга выстаўляць канечнасці ў бакі, бо ў гэтым выпадку яны прымаюць на сябе ўсю сілу ўдару і могуць быць траўмаваны. Трэба пазбягаць падзення на спіну і ўдару патыліцай. Ідэальны варыянт з пункту гледжання мінімальных наступстваў для здароўя – падаць на бок. 


Калі не атрымалася пазбегнуць траўмы, урач рэкамендуе ні ў якім разе не спрабаваць адразу ўставаць, асабліва на пашкоджаную канечнасць. Спачатку трэба вызначыць, што пацярпела. Забараняецца самастойна ўпраўляць вывіх і тым больш пералом прама на месцы здарэння. Гэтым зоймецца спецыяліст. Калі адчуваеце, што пасля падзення не можаце падняцца на ногі, неабходна патэлефанаваць у службу 103.


У спісе сезонных рэкамендацый таксама перасцярога не хадзіць паблізу будынкаў з-за магчымасці падзення з дахаў наледзі. Трэба памятаць і пра бяспечныя паводзіны паблізу замярзаючых вадаёмаў.

Нас папярэджваюць быць пільнымі, берагчы сябе і сваіх блізкіх.


Наталія СТАНКЕВІЧ.

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.